У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы будзе створаны віртуальны цэнтр вуснай гісторыі па міжнародным праекце, які фінансуецца ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь», паведамляе сайт Міністэрства адукацыі Беларусі.

Партнёрамі праекта з’яўляюцца Даўгаўпілскі ўніверсітэт, Цэнтр прасоўвання інавацый і развіцця ў Латвіі і ГрДУ імя Янкі Купалы. Асноўная мэта — павышэнне грамадскай свядомасці, звязанай з аховай сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны трансгранічнай тэрыторыі Латвіі і Беларусі.

Праект будзе ўключаць стварэнне электроннага музея, правядзенне навуковых мерапрыемстваў, выданне навуковай прадукцыі, размяшчэнне інфармацыі ў СМІ. Мяркуецца, што правядзенне палявых экспедыцый у пагранічным рэгіёне Беларусі і Латвіі дазволіць захаваць гістарычную памяць некалькіх пакаленняў людзей, якія былі сведкамі важных гістарычных падзей ХХ стагоддзя.

Атрыманая ў экспедыцыі інфармацыя можа быць выкарыстана ў вывучэнні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны пагранічнага рэгіёну, у навучальна-выхаваўчым працэсе ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, у дзейнасці мясцовых органаў дзяржкіравання па ўстойлівым развіцці рэгіёну і наладжванні добрасуседскіх партнёрскіх адносін.

Як лічаць у Мінадукацыі, рэалізацыя праекта будзе спрыяць «развіццю метаду вуснай гісторыі ў адукацыйных установах Латвіі і Беларусі, фарміраванню ў моладзі пачуцця патрыятызму, павышэнню даступнасці ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну дзвюх краін дзякуючы стварэнню віртуальнай платформы, развіццю супрацоўніцтва паміж трансгранічнымі навучальнымі ўстановамі, павышэнню ўзроўню ведаў пра гістарычныя сувязі шырокага сацыяльнага асяроддзя трансгранічнай тэрыторыі».

У Беларусі метад вуснай гісторыі выкарыстоўваецца вучонымі пры вывучэнні сацыяльнай і этнаканфесійнай гісторыі краіны. Упершыню гэты кірунак прадстаўляецца Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам у якасці сістэмнага даследавання з наступнай рэтрансляцыяй атрыманых вынікаў на рэгіянальным, нацыянальным і трансгранічным узроўнях шляхам стварэння віртуальнага цэнтра вуснай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?