Да 80-годдзя з дня заснавання Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла паштовую марку, а Нацыянальны банк увёў у абарачэнне залатыя, сярэбраныя і медна-нікелевыя памятныя манеты «Беларускі балет. 2013». Пра гэта было паведамлена на прэс-канферэнцыі 22 мая.

Марка, выпушчаная да юбілею, стане першай у серыі «Тэатры Беларусі». На марцы паказаны сцэны з оперных і балетных спектакляў Вялікага тэатра. «Марка прэзентуе салістаў оперы Сяргея Франкоўскага і Аксану Волкаву ў спектаклі «Набука» і артыстаў балета Вольгу Гайко і Ігара Артамонава ў спектаклі «Лебядзінае возера», — сказаў генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка.

Апрача маркі «Белпошта» выпусціла спецыяльны паштовы канверт, на якім выяўлены будынак тэатра пасля рэстаўрацыі. Купіць юбілейную марку можна будзе ва ўсіх аддзяленнях «Белпошты».

Манеты «Беларускі балет. 2013» выраблены ў некалькіх наміналах — ад аднаго рубля да тысячы беларускіх рублёў.

Аўтар эскіза манет мастак Святлана Някрасава зазначыла, што «на пярэднім баку манет паказаны будынак Вялікага тэатра, а на рэверсе — выява народнай артысткі Беларусі Вольгі Гайко ў партыі Адэты-Адыліі з балета Пятра Чайкоўскага «Лебядзінае возера».

«Выява артыстаў дапоўнена вобразам пяра, якое лунае, — сімвалам гармоніі і лёгкасці. Яны (манеты) выкананы майстрамі Літоўскага манетнага двара з металу самай высокай пробы», — падкрэсліла Някрасава.

Падчас прэс-канферэнцыі прайшла цырымонія гашэння маркі, адзін асобнік быў падораны Уладзіміру Грыдзюшку, а другі адправіцца ў Музей паштовай сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?