Якім чынам можна ацаніць маштаб творчасці таго ці іншага пісьменніка? Думаю, праз ступень запатрабаванасці аўтара ў суседніх жанрах мастацтва — тэатры, кіно, музыцы. Галоўнае: ці з’яўляецца калодзеж яго творчасці бяздонным і да якой ступені прадстаўнікі іншых сфер могуць чэрпаць адтуль новыя ідэі і вобразы? Невыпадкова, што з пантэону нашых класікаў у айчынных тэатрах найбольш шырока прадстаўленая творчасць Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча.

Але вось парадокс. Творы Уладзіміра Сямёнавіча відавочна сцэнічныя, маюць напружаны канфлікт і глыбокія вобразы. Як ні дзіўна, амаль няма спектакляў, створаных на іх аснове, якія з’яўляюцца бясспрэчнай мастацкай удачай. Сярод нешматлікіх выключэнняў можна назваць дзве сцэнічныя версіі «Дзікага палявання караля Стаха». Але опера Уладзіміра Солтана, пастаўленая ў Нацыянальным тэатры оперы і балету яшчэ ў канцы 1980-х, паказваецца зрэдку. А драматычны спектакль, увасоблены рэжысёрам Уладзімірам Савіцкім на малой сцэне Купалаўскага тэатра, ужо зняты з рэпертуару.

Амаль дзясятак бачаных мной пастановак паводле твораў Караткевіча выклікалі калі лёгкае, калі моцнае расчараванне.
Хтосьці з рэжысёраў абіраў меладраматычную і сентыментальную інтанацыю («Леаніды не вернуцца да Зямлі», Нацыянальны драматычны тэатр імя Я. Коласа). Іншы рабіў стаўку выключна на відовішчнасць (нядаўняя «Сівая легенда» ў Оперным). Трэцяму пастаноўшчыку была важная патрыятычная скіраванасць спектакля («Каласы пад сярпом тваім» у РТДБ). Надаралася і дастаткова традыцыйнае прачытанне сюжэту («Сны аб Беларусі» ў Купалаўскім, «Дзікае паляванне…» у Магілёўскім лялечным, «Ладдзя роспачы» ў Цэнтры візуальных і выканаўчых мастацтваў). На жаль, філасофскі сэнс твораў Караткевіча заставаўся на сцэне неразгаданым і глыбока неасэнсаваным.

Беларускі тэатр лялек напрыканцы красавіка паказаў прэм’еру «Ладдзі Роспачы». Рэжысёр Аляксей Леляўскі працягнуў у спектаклі пошук, які сведчыць пра збліжэнне і ўзаемадзеянне жанраў лялечнага і драматычнага тэатраў. У папярэдняй прэм’еры, «Шоўку» паводле рамана Алесандра Барыка, пастаноўшчык дасягнуў гарманічнага сінтэзу гэтых кірункаў. Але ўжо тады крытыкі заўважылі, што ў пастаноўцы замала… уласна лялек. У «Ладдзі Роспачы» на сцэне прысутнічае толькі адна лялька, Смерць (Уладзімір Грамовіч).Такая акалічнасць не перашкаджае дзеянню і выглядае апраўданай. Але атрымліваецца парадокс: пра пастаноўку лялечнага тэатра мы разважаем, выкарыстоўваючы законы і логіку драматычнага.

У цэнтры аповесці Караткевіча — вобраз Гервасія Вылівахі, «небагатага, але добрага роду двараніна». Такі выбар невыпадковы. У сваіх творах пісьменнік узнаўляў тую ідэальную Беларусь, якая, на яго погляд, існавала ў мінулым. Мадэль паводзінаў эліты краіны, шляхты, арыентавалася на здзяйсненне неверагодных учынкаў. Нездарма Выліваха адзіны наважваецца кпіць з Перавозчыка, супраціўляцца лемурам і кідае выклік самой Смерці. Непасрэдны перанос такога вобраза на сцэну не выглядаў бы абгрунтаваным. Бо пафас і высокія словы, прымальныя на драматычнай ці опернай сцэне, штучна выглядалі б у лялечным тэатры. У дадатак яны апелявалі не так да сучаснасці, як да адраджэння нацыянальнай самасвядомасці, якой з’яўляўся перыяд канца 1980-х — пачатку 1990-х.

Таму А. Леляўскі абраў іншае рашэнне. Ключ для расшыфроўкі яго рэжысёрскай версіі бачыцца ў інтэрпрэтацыі вобраза галоўнага героя. Гервасій Выліваха (Дзмітрый Рачкоўскі) менш за ўсё падобны да шляхціца. Ён больш нагадвае сучаснага інтэлігента, ціхага і паглыбленага ў сябе. Таму дасціпная і рознабаковая характарыстыка, дадзеная пісьменнікам герою («хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты»), нібыта і не датычыць гэтага Гервасія. Адпаведна, мяняецца логіка паводзінаў персанажа.

Выліваха ўспрымаецца ў спектаклі не як выключны прадстаўнік народа, а яго неад’емная частка.
Таму не дзіўна, што з «Ладдзі» цалкам знікае любоўная лінія. Выкінутая сцэна перамогі над лемурамі (у аповесці Гервасію дапамагае кветка-шыпшына). Нездарма першую шахматную партыю (фігуры ўвасабляюцца акцёрамі) — яна вырашаецца ў гераічна-шляхецкім стылі — Гервасій прайграе цалкам. А вось у другой, падчас якой карыстаецца падказкамі іншых пасажыраў ладдзі, выйграе. Прычым, у якасці фігур тут выступаюць кілішкі і гранёныя шклянкі. Міжволі ўзнікае думка, што Выліваха мог… падпаіць нават Смерць. Яго перамога — дасціпная спроба абдурыць праціўніка.

Падзеі «Ладдзі…» адбываюцца на мяжы Сярэднявеччы і Новага часу. Першую эпоху характарызуе шырокае распаўсюджанне народнай смехавой культуры. Большую частку года людзі таго часу жылі «правільным» жыццём, а на працягу некалькі месяцаў года траплялі ў альтэрнатыўны карнавальны свет, што супрацьпастаўляўся рэальнасці. Карнавал даваў магчымасць адкрыць «клапан» незадаволенасці і выпусціць пару сацыяльных напружанняў.

Народны смехавы свет неаднаразова выяўляецца ў пастаноўцы, дзе пануе іронія і самаіронія.
Напрыклад, голас з апраметнай, які мусіў прагрымець над Рагачовам, прамаўляецца ціха і спакойна. Знешне сама ладдзя нагадвае або вечка труны (і тады у гледача ўзнікаюць драматычныя асацыяцыі) або ночвы (і тады настрой побытава-камедыйны). Дый і Гервасій у цярновым вянку на галаве выглядае парадыйна.

Мастацкі эфект гэтых сцэн у тым, што Смерць паўстае ў пастаноўцы не страшнай, адбываецца яе дэсакралізацыя. У выніку паўсядзённае жыццё герояў да смерці ўспрымаецца як праява іх звычайнага традыцыйнага свету, а існаванне пасля смерці — па законах народнай карнавальнасці. Калі пасля спектакля чытаеш арыгінальны тэкст Караткевіча, ён пераконвае: рэжысёрская задума зусім не супярэчыць пісьменніцкай ідэі.

Як выяўляецца сучаснасць прачытання новай «Ладдзі»?
У беларускім фальклоры знайшла адлюстраванне бязмерная цярплівасць і трываласць нашага народа. Калі правесці паралелі са спектаклем, відавочна, што толькі Смерць прымушае герояў рухацца, змяняцца і ўрэшце адмовіцца ад будзённага ўспрымання рэальнасці. Ды і тое, змаганне герояў і Смерці больш нагадвае не адкрытае супрацьстаянне, а партызанскую барацьбу.

Але якія ж вынікі такога змагання? На пачатку спектакля будучыя пасажыры ладдзі роспачы чакаюць, седзячы на чамаданах. Яны гатовыя да падарожжа на той свет, куды і сыходзяць без пярэчанняў. Напрыканцы, дзе рэжысёр і паўтарае мізансцэну. Здавалася б, героі прайшлі выпрабаванне Смерцю. Але ў выніку ўсе яны, акрамя Гервасія, зноў сыходзяць у нябыт. Бо Выліваха здольны змяняцца, а яго сябры па няшчасці застаюцца такімі ж інертнымі, як і раней.

Як ні дзіўна, у гэтым А. Леляўскі захоўвае глыбокі ўнутраны аптымізм, уласцівы караткевічаўскім творам. Ніводны чалавек не атрымае шчасце гатовым, на сподачку. Яго трэба заслужыць і за яго змагацца. Таму атрымліваецца, што ў фінале толькі Гервасій заслугоўвае свой Эдэм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?