І толькі пасля атрымання незалежнасці беларусы раптам засталіся без металічных грошай. Хаця ўсе нашыя суседзі дасюль выкарыстоўваюць свае манеты ў разліках.

Факт 1. Папера перамагла

Як згадвае былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, у сярэдзіне 90-х урад разглядаў магчымасць чаканкі беларускіх манет. Да таго ж вырабляць манеты значна танней, чым папяровыя грошы. «Тады мы збіраліся набыць спецыяльны станок, ездзілі на мынцы (манетныя двары) Швецыі і Вялікабрытаніі, — кажа Станіслаў Багданкевіч. — Загатоўкі для манет можна набываць за мяжой і выбіваюцца яны адносна нескладана». Але пазней ідэя чаканкі манет была адкладзеная да часу стабілізацыі беларускага рубля. Які, падаецца, так і не наступіў.

Дарэчы, некалькі гадоў таму ў інтэрнэце прайшла інфармацыя, што ў Славакіі былі выбітыя беларускія манеты, але гэтая інфармацыя не спраўдзілася.

Факт 2. Першая «амаль» залатая

Першая беларуская залатая манета, якую выбілі ў 1995 годзе — на сёння адна з самых рарытэтных і дарагіх. І справа не толькі ў тым, што яна была першаю.

Да 50-х угодкаў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўрад Беларусі запланаваў выдаць серыю срэбраных і залатых манет наміналамі 125, 250, 500 і 1000 рублёў. Але выдадзеная была толькі адна — залатая 1000-рублёвая. На ёй былі выявы мінскага Абеліска перамогі і зубра. Манета дыяметрам 32,6 мм важыла 31,1035 грама і была зробленая з золата 999,9 пробы. Біла яе амерыканская кампанія Liberty Mint, Inc

У банках манета прадавалася вельмі кепска праз вялікую цану — 1200 даляраў. Усяго было прададзена каля 100 манет. Але праз некалькі месяцаў на залатых манетах раптоўна пачалі з’яўляцца чорныя плямы. Гэта спрабавалі растлумачыць выпрацоўкаю завадскога клішэ падчас чаканкі — маўляў, таму на золата трапілі драбкі плаціны ці медзі. Непрададзеныя манеты былі адкліканыя ў сховішча Нацбанка, створаная камісія. Але вынікі яе працы застаюцца невядомымі.

Зразумела, што прададзеныя манеты сталіся сапраўднымі рарытэтамі ў калекцыянераў. Цяпер цана манеты ў дзясяткі разоў перавышае першапачатковую. Вядома, што ў 2007 годзе за такую манету прапаноўвалі 20 тысяч даляраў.

А вось Нацбанк цяпер пра гэтую манету на сваім сайце нават не згадвае.

Факт 3. Не выведзеныя з абароту 20-рублёвікі

Затое на сайце Нацыянальнага банка Беларусі паведамляецца, што першыя беларускія манеты з’явіліся 27 снежня 1996 года. Тры манеты, прысвечаныя 50-годдзю ААН: з золата, срэбра і медна-нікеля мелі адну і тую самую вартасць — 1 рубель. Чаканілі іх на Лонданскім каралеўскім манетным двары «Роял Мінт». Цікава, што з накладу залатой манеты ў 500 асобнікаў толькі 50 прызначаліся для Беларусі, а з 20 тысяч срэбраных толькі 5 тысяч трапіла на бацькаўшчыну.

Пазней наміналы беларускіх манет змяніліся. Звычайна беларуская медна-нікелевая манета была роўная 1 рублю, срэбраная — ад 20 да 1000 рублёў, а залатая — ад 50 да 1000 рублёў. Але такі намінал пазначаны толькі тэарэтычна — ужо сам Нацбанк прадае медна-нікелевую манету за 2–10 даляраў, а срэбраную — за 20–40 $. Дарэчы, любой беларускай манетай можна разлічыцца ў краме, але па намінальным курсе.

Беларусь дасюль не мае сваёй мынцы і дагэтуль б’е манеты ў іншых краінах — Расіі, Літве, Польшчы, Германіі і нават Казахстане.

Некаторыя беларускія манеты маюць устаўкі з дыяментаў і брыльянтаў. Манеты бываюць чатырохкутныя (Дуга Струвэ) ці важаць больш за кілаграм (Крыж Ефрасінні Полацкай) і нават выходзяць рознакалярова-стракатымі (памяці Хруцкага).

Выдадзена ўжо шмат серый манет: «Гарады Беларусі», «Помнікі архітэктуры Беларусі», «Святы і абрады беларусаў», «Беларускія народныя легенды», «Казкі народаў свету», «Сямейныя традыцыі славян», «Знакі задыяка», «Праваслаўныя цудатворныя іконы» і «Птушка года».

Факт 4. Найлепшыя ў свеце

У 2005 годзе Беларускі нацыянальны банк упершыню прадставіў памятныя манеты на міжнародны конкурс «Манета года — 2005», які ладзіла амерыканскае выдавецтва «Краўзэ Паблікешнс». У ім штогод удзельнічае каля 70 краін свету. Толькі дэбютаваўшы, срэбраная манета «Беларускі балет» стала першай у намінацыі «Манета з найлепшым мастацкім рашэннем», а срэбраная манета «Лебедзь-шыпун» узяла намінацыю «Найлепшая каралеўская манета».

У 2007 годзе манета «Вялікдзень» з серыі «Святы i абрады беларусаў» перамагла ў намінацыі «Манета з найлепшым мастацкім рашэннем». А «Сокал-падарожнік» стаў першым у конкурсе манет краін СНД і Балтыі «Манетнае сузор’е — 2007» у намінацыі «Залатая манета года».

Праз два гады «Найлепшай каралеўскай манетай " стала беларуская «Масленіца», а намінацыю «Самая натхняльная манета» ўзяла срэбраная «Крыж Ефрасінні Полацкай», якая важыць 1,838 кг!

У 2010 годзе беларуская срэбраная манета «Хрэсьбіны» з серыі «Сямейныя традыцыі славян» атрымала першае месца на міжнародным конкурсе Vicenza Numismatica ў Італіі. У конкурсе ўдзельнічала 32 манеты з 11 краін. Камісіі спадабалася «паэтычнае прадстаўленне нараджэння і хросту згодна з традыцыямі славянскай сям’і, а таксама высокамастацкая тэхнічная прапрацоўка». Праз два гады манета «Міжнародны фестываль мастацтваў „Славянскi базар у Вiцебску“» з серыі «Міжнародныя фестывалі ў Беларусі» заняла на тым самым конкурсе 2 месца сярод 42 манет з 12 краінаў.

Факт 5. Заўчасна пахаваны Міцкевіч

Яшчэ адна беларуская манета таксама амаль адразу пасля выхаду стала рэдкасцю. У 1998 годзе, на 200-я угодкі нараджэння Адама Міцкевіча, Нацыянальны Банк Беларусі падрыхтаваў манеты з выяваю славутага паэта. Срэбраныя і медна-нікелевыя манеты біла Маскоўская мынца. У лютым 1999 года яны пачалі прадавацца, але праз тыдзень усе манеты былі знятыя з продажу.

Банкіры выявілі, што пад выяваю паэта няправільна прапісаны год смерці: 1854 замест 1855-га. Праз тры месяцы новыя манеты з правільнай датаю ізноў з’явіліся ў продажы. Аднак калекцыянеры паспелі купіць 94 манеты з памылкаю. Адна такая манета нядаўна на інтэрнэт-аўкцыёне прадавалася за 3000 даляраў ЗША. Медна-нікелевыя манеты ў продаж не паспелі трапіць, і цяпер толькі адзін асобнік захоўваецца ў Музеі Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?