Палац Спорту цалкам запоўненым на канцэртах бывае рэдка, аднак тое, што не атрымалася ў Garbage і іншых змаглі зрабіць аўстралійскія двайнікі Pink Floyd — The Australian Pink Floyd Show.

Значнасць Pink Floyd для краінаў былога СССР цяжка пераацаніць — з усіх топавых заходніх гуртоў наўрад ці хто меў такую ўсенародную любоў. Канцэрт Aussie Floyd гэта добра паказаў — у холе Палаца сабралася публіка, класіфікаваць якую ў прынцыпе немагчыма, прыблізна як пасажыраў метро.

Ад хіпстараў да пенсіянераў у майках Pink Floyd, людзей сярэдняга ўзросту, музыкаў розных пакаленняў, поўнага складу клуба філафаністаў да дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Адзін з апошніх, хлопчык гадоў з васьмі сядзеў за маёй спінай і з першых гукаў адгадваў кожную наступную песню:

«Гэта In the Flesh, я ведаю гэтую тэму. — казаў ён. Пры гэтым «андроід» майго суседа не мог «распазнаць» мелодыю на слых.

Аўстралійскі Pink Floyd цалкам захаваў гучанне арыгінальнага: да дробязяў, да візуальных эфектаў, зробленых у традыцыях шоу саміх «флойдаў». Адзінае, што перашкаджала ўявіць сябе на канцэрце сапраўдных Pink Floyd — знешнасць выканаўцаў, асабліва вельмі суровага вакаліста ў чорным паліто, які ўвесь час прымаў гераічныя позы і ўвогуле нагадваў якога-небудзь персанажа з альбома The Wall.

Гэтае знешняе адрозненне нават да лепшага — па свеце катаюцца двайнікі The Rolling Stones, якія падобны на сваіх куміраў нават знешне: у выніку гледачы пасля канцэрта выходзяць з пачуццём, што іх падманулі.
Ды і ў выпадку з аўстралійцамі меркаванні падзяліліся.

Падчас антракту толькі і абмяркоўвалася.

«Ах, калі б тут быў Дэвід Гілмар!»

«Як табе канцэрт? Што значыць нармальна? Чаму не выдатна?»

«Трэба купіць майку, хаця б іхнюю, а то ўсе ў майках, а я без".

Публіка аўстралійскіх «Флойд» — гэта напалову не публіка рок-канцэртаў, а хутчэй людзі, якія памятаюць і любяць «Флойд» яшчэ з дзесяць разоў перапісаных бабінаў, якія гулялі па кріане ў 70-ыя, 80-ыя.
Для такіх людзей канцэрт стаўся сапраўдным святам. А антураж савецкага жыцця цалкам можна назваць «флойдаўскім» — дзе-нідзе ж яшчэ сустракаюцца вуліцы з назвамі Цагляны Парадак, што адпавядае як мінімум эстэтыцы альбома The Wall.
Да аўстралійцаў калі ёсць пытанне, то толькі адно, але яно глабальнае —
вось ужо дваццаць год яны вандруюць па свеце, маюць ліцэнзію на выкананне гэтых песняў, іх любіць Дэвід Гілмар, але наколькі для музыкі проста дваццаць гадоў запар «здымаць» адзін у адзін чужыя песні і бачыць у залі людзей, якія гледзячы на цябе, уяўляюць сапраўдны «Флойд».
На канцэртах аўстралійцаў няма танцполу — ім, па вялікім рахунку, ён і не трэба.
Толькі Another Brick in the Wall прымусіў беларускую публіку ўскочыць з месцаў і хорам спяваць: «We don’t need no education». Астатняя частка канцэрта хутчэй нагадвала філарманічную імпрэзу, у рэшце рэшт, існуюць жа артысты, якія ўсё жыццё выконваюць Бетховена, дык чаму не зрабіць тое самае з Pink Floyd? Прынамсі, да выхаду гурту на біс — тут публіка ўзгадала, што прыйшла на рок-канцэрт, і ўсе пытанні «сапраўднасці-несапраўднасці» адпалі.

Спецыяльна для тых, хто не трапіў на канцэрт, «Наша Ніва» прапануе поўнае відэа канцэрта Aussie Floyd у Італіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?