Выканаўчым дырэктарам EED стаў польскі кар'ерны дыпламат Ежы Памяноўскі.

Выканаўчым дырэктарам EED стаў польскі кар'ерны дыпламат Ежы Памяноўскі.

Еўракамісія супольна з цэлым шэрагам краін ЕС і Швейцарыяй заснавала новы фонд падтрымкі дэмакратыі ў краінах-суседках.
Да гэтага Еўропу падштурхнулі падзеі 2010 года ў Беларусі і «Арабская вясна».
Адкрыццё Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі (European Endowment for Democracy, EED) адбылося 27 мая ў Брусэлі.
У цырымоніі ўзялі ўдзел міністры замежных справаў Польшчы й Літвы Радаслаў Сікорскі ды Лінас Лінкявічус, кіраўнік камітэта Еўрапарламента па міжнародных справах Эльмар Брок, кіраўнік Камітэта Еўрапарламента па Беларусі Філіп Качмарэк, былы міністр замежных справаў Славакіі, эксперт Нямецкага фонду Маршала Павал Дэмеш, прэзідэнт Фонду Solidarity.pl Кшыштаф Станоўскі, дыпламаты з розных краін свету, эксперты, аналітыкі, грамадскія дзеячы.
Аналагічны Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі (NED) ад пачатку 1980-х дзейнічае ў ЗША. Зараз такі інструмент будуць мець і еўрапейцы.
Ён дазволіць Еўрасаюзу уздзейнічаць з дапамогай softpower, мяккай сілы, у тых рэгіёнах свету, якія ён разглядае як сваю зону інтарэсаў. Гэта знак таго, што Еўрасаюз з пераважна эканамічнага саюза перарастае ў сусветны цэнтр уплыву. У сваю чаргу, Польшча і Швецыя стараюцца сфакусаваць увагу ЕС на Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, што спрыяе, у тым ліку, Беларусі.
Дарэчы, адным з асноўных донараў EED стала Швецыя.

Фонд задуманы такім чынам, каб «дапамагаць тым, не мае дапамогі».

Ранейшыя праграмы дапамогі ЕС, напрыклад, ТАСІС, былі абмежаваныя неабходнасцю ўзгадняць кірункі і формы дапамогі з урадам краіны, у выніку чаго дапамога ў рэальнасці магла ісці толькі на эканамічныя, экалагічныя і сацыяльныя праекты.
Новы фонд хоць і заснаваны Еўракамісіяй і краінамі ЕС, але будзе дзейнічаць аўтаномна, як і NED у Амерыцы, што дасць яму магчымасць дапамагаць таксама дысідэнтам і апазіцыйным рухам, не зважаючы на ўрады.

Стварэнне новага інструмента ЕС можа мець стратэгічны эфект. Асаблівае значэнне мае той факт, што ідэя нарадзілася ў Польшчы.

Выканаўчым дырэктарам Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі прызначаны намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі.

Спецыяльнымі гасцямі цырымоніі былі журналісты і праваабаронцы з Беларусі, Украіны, Туніса, Арменіі і Азербайджана. Ад Беларусі ў якасці спецыяльных гасцей былі запрошаныя галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна і праваабаронца-вясновец Уладзімір Лабковіч.

Міністр Сікорскі на цырымоніі адкрыцця заявіў: «Праца па адкрыцці Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі заняла больш за два гады.
Упершыню ідэя яго стварэння прагучала ў самым пачатку 2011 года. Гэта быў час, калі трэба было прадпрымаць рашучыя дзеянні. Прайшло крыху больш за месяц пасля падзей снежня 2010 года, калі дэмакратычныя памкненні тысяч беларусаў былі зноў знішчаныя і здушаныя рэжымам Лукашэнкі. А праз некалькі месяцаў на вуліцы сваіх гарадоў выйшлі людзі ў краінах Паўночнай Афрыкі. На жаль, праз два гады пасля ўсіх гэтых падзей дэмакратыі ў суседзяў ЕС больш не стала. Гэта значыць, што нам трэ’ будзе шмат працы. У першую чаргу, мы павінны дапамагчы нашым партнёрам у тым, каб іх пачулі.
Адкрываючы гэты фонд, мы сплачваем доўг, які быў выдадзены палякам у выглядзе дапамогі ў 80-я гады мінулага стагоддзя.
Гэтая падзея таксама з’яўляецца пацвярджэннем таго, што наша краіна мае дастаткова тэхналогій і магчымасцяў для прасоўвання дэмакратыі ў іншых дзяржавах — і не толькі тых, якія знаходзяцца ў Еўропе.
Я рады, што ідэя, якая нарадзілася ў Польшчы, стала рэальнасцю.
Сёння ў нас ёсць гэты фонд, офісам якога стаў будынак былога польскага пасольства, фондам кіруе паляк і ёсць 25 мільёнаў еўра на наступныя тры гады дзейнасці».
Кіраўнік камітэта Еўрапарламента па міжнародных справах Эльмар Брок у сваім выступе адзначыў, што задача фонду — умацаванне дэмакратыі ў краінах-суседках Еўрапейскага Саюза:
«Галоўная задача фонду — умацаванне дэмакратыі і вяршэнства закона ў краінах, якія з’яўляюцца суседзямі Еўрапейскага Саюза на ўсходзе і поўдні. Дыктатарскія рэжымы не гатовыя да прагрэсу і прыняцця еўрапейскіх каштоўнасцяў, таму я спадзяюся, што наша арганізацыя дапаможа дамагчыся гэтага і стане натхняльнікам пераменаў».
Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі будзе дапамагаць журналістам, блогерам, незарэгістраваных арганізацыям, а таксама палітычным рухам, у тым ліку тым, якія знаходзяцца ў выгнанні.
Фонд арыентаваны на падтрымку дэмакратычных рухаў у Беларусі, Алжыры, Арменіі, Азербайджане, Егіпце, Грузіі, Іарданіі, Ліване, Лівіі, Марока, Малдове, Сірыі, Украіне, а таксама ў Палесціне.
«Калі гаварыць пра Беларусь, то відавочна, што Беларусь належыць да бясспрэчных прыярытэтаў нашага фонду.
Фонд і праз мяне, і праз Польшчу будзе пазітыўна зараджаны Беларуссю», — заяўляў раней выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі Ежы Памяноўскі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?