Васіль Сіліверст

Сёньня чарнобыльскі ліквідатар з Калінкавічаў Васіль Сіліверст, які знаходзіцца цяпер у Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны й экалёгіі чалавека ў Гомелі, абвясьціў, што адмаўляецца надалей прымаць ежу.

Гэта было зроблена ў 17 гадзін 17 хвілін на паседжаньні навукова‑медычнай рады цэнтру пасьля таго, як спадару Сіліверсту ў чарговы раз аб’явілі, што ня могуць зьвязаць ягоныя захворваньні ды інваліднасьць з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Ад старшага лейтэнанта запасу Сіліверста ў чарговы раз запатрабавалі дадатковыя дакумэнты з вайсковай часьці, якая разьмяшчалася ва Ўкраіне за 14 кілямэтраў ад ЧАЭС, куды ў 1988 годзе прызвалі з запасу Васіля Сіліверста, як і многіх іншых беларусаў, дзеля дэзактывацыі тэрыторыі й вайсковай амуніцыі.

«Патрабаваньне дадатковых дакумэнтаў — гэта звычайная валакіта. Летась, калі я праходзіў рэабілітацыю ў цэнтры, я прывёз сюды ўсе наяўныя дакумэнты пра шасьцімесячную службу й працу ў чарнобыльскай зоне. Я не разумею, што важней — жывы чалавек зь ягонымі хваробамі ці нейкая дадатковая даведка з вайсковай часткі, якой даўно няма», — сказаў чарнобыльскі ліквідатар.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0