Справа аб смерці пацыенткі «Экамедсэрвіса» перададзена для расследавання з упраўлення Следчага камітэта па Мінску ў галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі. Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Павел Травулька.

Нагадаем, 25-гадовая жыхарка Гродна памерла 23 красавіка ў 4-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы праз чатыры тыдні пасля рынапластыкі, праведзенай па медыцынскіх і эстэтычных паказаннях у «Экамедсэрвісе». Увесь гэты час яна знаходзілася ў коме. 3 мая па факце смерці дзяўчыны была распачата справа па ч. 2 арт. 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула смерць пацыента). Былі затрыманы шэсць чалавек: члены аперацыйнай брыгады (хірург, анестэзіёлаг і дзве медсястры), гендырэктар цэнтра (у дачыненні да яе распачата справа па арт. 428 КК (службовая халатнасць)) і галоўны інжынер медцэнтра, які адказваў за тэхнічны стан абсталявання. Следства ўжо ўстанавіла, што падчас аперацыі на працягу прыкладна 40 хвілін апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх працаваў у пазаштатным рэжыме, былі розныя памылкі і збоі.

13 мая было аб’яўлена, што дырэктару «Экамедсэрвіса» прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, кваліфікаванага як службовая халатнасць, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Доктар-анестэзіёлаг, які ўваходзіў у склад аперацыйнай брыгады, абвінавачваецца ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента. Абодва знаходзяцца пад вартай.

10 мая галоўны інжынер «Экамедсэрвіса», затрыманы чатырма днямі раней, быў адпушчаны пад абавязацельства аб яўцы. Ён падазраецца ва ўчыненні злачынства, кваліфікаванага як службовая халатнасць, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.

У статусе падазроных ва ўчыненні злачынства, кваліфікаванага як неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула па неасцярожнасць смерць пацыента, працягваюць заставацца хірург і медсястра, якая яму асісціравала, а таксама медыцынская сястра, якая асісціравала ўрачу-анестэзіёлагу. Яны былі адпушчаны пад абавязацельства аб яўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?