На падрыхтоўку і прасоўванне Алены Ланской, якая прадстаўляла Беларусь на "Еўрабачанні-2013", было патрачана каля 264 тысяч еўра. Аб гэтым БелаПАН паведаміў прадзюсар спявачкі Дзмітрый Баранаў.

"Мы правялі рэвізію і ўбачылі, што падрыхтоўка Алены да конкурсу — гэта не самы затратны ўдзел Беларусі ў "Еўрабачанні" ў параўнанні з удзельнікамі мінулых гадоў. На прасоўванне самой артысткі спатрэбілася каля 154 тысяч еўра, усяго сёлета мы затрацілі каля 264 тысяч еўра", — сказаў Баранаў.

"Мы дзякуем нашым спонсарам за тое, што яны нам дапамаглі сёлета і нам удалося падрыхтаваць артыстку і атрымаць той вынік, які мы атрымалі", — дадаў прадзюсар.

Нагадаем, сёлета згодна з палажэннем аб правядзенні нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне-2013" усе расходы, звязаныя з удзелам выканаўцаў у праекце і конкурсе (стварэнне фанаграмы і аранжыроўкі, пастаноўка нумару, падрыхтоўка сцэнічных касцюмаў), аплачваліся самімі выканаўцамі або іх прадзюсарамі.

У той жа час у дакуменце адзначалася: калі кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі падабаецца выканаўца, яна можа заняцца яго прадзюсаваннем.

У выніку ў спонсарах Ланской значыліся наваполацкі бізнесмен Мікалай Варабей — кіраўнік кампаніі "Інтэрсэрвіс", якая займаецца аптовымі пастаўкамі нафты на перапрацоўку і продажам нафтапрадуктаў на беларускім і міжнародным рынках, а таксама Аляксандр Шакуцін — старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор", знамеснік гендырэктара ЗАТ "Праммедінвест", уладальнік прыватнага прадпрыемства "Спамаш", групы кампаній "ПМІ-груп".

Першапачаткова прадзюсар спявачкі паведамляў БелаПАН, што на падрыхтоўку Ланской да конкурсу спонсары пералічылі два траншы па 2 млрд. рублёў (2 млрд. рублёў — каля 230 тыс. долараў), з якіх толькі на прома-прадукцыю для "Еўрабачання-2013" было патрачана 250 тысяч долараў.

Хоць, паводле слоў Баранава, каб наблізіцца да выніку першай пяцёркі на "Еўрабачанні", патрэбны куды большыя сродкі — не менш чым 2 мільёны еўра. "Зыходзячы са звестак, якія называлі краіны, што ўвайшлі ў топ-5 сёлета, магу сказаць, што для таго, каб атрымаць дастойны вынік і наблізіцца да гэтай пяцёркі, трэба не менш чым 2 мільёны еўра", — адзначыў прадзюсар.

У той жа час, лічыць ён, прамой залежнасці паміж сумай укладзеных сродкаў і вынікам артыста на "Еўрабачанні" няма. "Таму што тут існуе дастаткова шмат ускосных фактараў. І наогул, укладанне грошай у сферу мастацтва — заўсёды пэўная рызыка", — падкрэсліў Баранаў.

Таму, адзначыў ён, і ўзнікае дылема: "Не ведаю, як правільна павінна быць пастроена сістэма падрыхтоўкі артыста: ці павінны гэта быць дзяржаўныя грошы, прыватныя грошы, ці патрэбны спонсары… Больш правільным, хутчэй за ўсё, будзе варыянт дзяржаўна-прыватнага партнёрства і супрацоўніцтва. Ведаю адно — калі ёсць песня і таленавіты выканаўца, а сродкаў на яго прасоўванне і падрыхтоўку няма, гэта, канешне ж, кепска".

На пытанне, ці будзе ўдзельнічаць прадзюсарскі цэнрт "Спамаш" у падрыхтоўцы беларускага ўдзельніка "Еўрабачання" ў наступным годзе, Баранаў адказаў, што такая магчымасць абмяркоўвалася.

"Але я глыбока перакананы, што для пачатку павінна быць песня. Калі ёсць песня, на якую можна рабіць стаўку, то далей трэба прыкладваць адпаведныя намаганні", — перакананы Баранаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?