На мінулым тыдні наведвальнікі сайту nn.by маглі назіраць даволі рэдкую для сёняшніх, ахопленых свербам бягучай палітыкі, СМІ з’яву — палеміку па пытаннях веры, рэлігіі і нават цалкам светапогляду, што распачаў Стас Карпаў у «атэістычным эсе» пад эпатажнай назвай «Пра паразіта веры, ці Санта-Клерыкалус».

Ад самага пачатку Карпаў папярэджвае: «Тых, каго гэты тэкст можа абразіць — ён адназначна абразіць. Астатніх, імаверна, не зацікавіць»…

Вынікае, што аўтар свядома імкнецца абразіць вернікаў як носьбітаў страшэннага паразіта. Нібыта нельга сцвярджаць свае атэістычныя перакананні без абразы…

Я ўважліва, некалькі разоў, прачытаў гэты тэкст, але так і не зразумеў, да якой катэгорыі далучыцца — абражаных ці астатніх. У існаванне Бога не веру, па выхаванні і жыцці застаюся атэістам. З чаго б абражацца? Але…

Але згадаўся драўляны касцёл у вёсцы, дзе калісьці давялося настаўнічаць, ягоны купал, што ўзвышаўся па-над купаламі соснаў і быў бачны яшчэ здалёк.

Я любіў прыходзіць у гэты касцёл, дыхаць мядовым паветрам, што сыходзіла ад яго цёплых, прылашчаных сонечным промнем, сценаў…

Аднойчы стары ксёндз дазволіў узяць некалькі акордаў на трошкі сіпаватым аргане. Мо менавіта з таго моманту я адчуў, што з усіх пытанняў, якія задавалі, задаюць і да скону будуць задаваць сабе людзі, адно застанецца недаступнай аніякаму розуму таямніцай: скуль дадзена чалавеку музыка?..

А ўвесну, калі барада, што я па франдзёрстве тых часоў вырашыў адгадаваць, дасягнула бачных памераў, прыслужніца ксяндза Тэкля, кінуўшы ля ручая статак гусей, пабегла за мной, кульгаючы на пратэзе, пагражаючы дубцом і на ўсю вёску лямантуючы: «Маска-аль!» Наступным разам яна ўжо бегла за мной з брытвай… Урэшце дамаглася свайго: бараду я збрыў. Вось так перамог клерыкалізм…

Чымсьці падобным, на мой погляд, толькі з адваротным знакам, прасякнута «атэістычнае эсэ» Стася Карпава. Так і чуецца тупат ззаду і лямант: «Паразі-і-т!»…

Гэта толькі на першы погляд падаецца, што ваяўнічы атэізм, дакладней, антыхрысціянства аўтара мае гуманістычныя падставы. Маўляў, верай у Бога асвячаліся ці не ўсе крывавыя падзеі сусветнай гісторыі. Да таго ж царква імкнецца ўлезці не толькі ў душу, але і ў ложак…

Насамрэч гэта бязглуздая блытаніна, боб з гарохам. Бо кроў і гвалт вынікаюць не з веры ў Хрыста ці ў Магамета, а з жадання прыстасаваць веру да карыслівых мэтаў палітыкі, найперш да развязвання войнаў, ціску на іншадумства, захопу ды ўтрымання ўлады.

У дачыненні да нашай дзяржавы гэтае жаданне ўвогуле на паверхні. Аднойчы яе кіраўнік так проста і выказаўся: «Галоўным ідэолагам у нашай дзяржаве з’яўляецца царква». Праваслаўная, вядома. Абразіў, так бы мовіць, каталікоў, мусульман, юдэяў, пратэстантаў… І не заглянуў у святцы, то бок у Канстытуцыю, у яе 4 артыкул:

«…Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных ці іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груповак не можа ўсталёўвацца ў якасці абавязковай для грамадзян».

Для грамадзян — не можа. А для дзяржавы, якую пакаленні гэтых грамадзян выпакутвалі, стварылі і ў якой жывуць? Прамоўлена без хітрыкаў: «Мы ніколі не адзялялі сябе ад царквы, бо дзяржава і царква вырашаюць адну і тую ж задачу».

Хто «мы»? Праваслаўныя атэісты?

У дэмакратычных дзяржавах спробы прыстасаваць царкву для мэтаў той ці іншай ідэалогіі ці палітычнай плыні абмяжоўваюцца, як правіла, не толькі законам, але і самой царквой, якая цураецца прамой падтрымкі палітыкаў, але не пазбягае маральнай адзнакі іх дзеянняў. А бывае, выбачаецца і за ўласныя грахі.

У нас выбачацца не прынята. У нас прынята асвячаць.

Аднак вернемся да згаданага «атэістычнага эсэ».

Калі прадзёрціся праз цьмяныя фармулёўкі і хісткую логіку аўтара, таксама можна сутыкнуцца са спробай шляхам абразы адмовіць чалавеку ў асабістым праве на веру, ускласці на верніка адказнасць за грахі царквы як сацыяльнага інстытута, напужаць яго хваробай, якую нібыта нясе ў сабе вера, і надаць атэізму рысы ўсеагульнай ідэалогіі. Хацеў таго Стась Карпаў ці не хацеў, але ягоны прыватны, так бы мовіць, маніфест атэіста насамрэч ператварыўся ў маніфест Антыхрыста. Бо менавіта Антыхрысту — ці то ў дзяржаўным, ці то ў прыватным увасабленні — уласціва свядома абражаць вернікаў і не абцяжарваць сябе выбачэннямі…

Тое, што Пётра Рудкоўскі ў сваёй палеміцы са Стасем Карпавым пазначыў як «новы атэізм» — з’ява і сапраўды адносна новая ў параўнанні з бальшавіцкай бязбожнасцю. Але сутнасна не вельмі адрозніваецца. Парадаксальным чынам яна не вельмі адрозніваецца і ад спробаў улады замацаваць веру ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі. Магчыма, менавіта гэтыя спробы ў спалучэнні з бязмежным крывадушшам клерыкалаў выклікалі з’яўленне «новага атэізму».

Але прычым тут вера ці бязвер’е як вынік свядомага выбару чалавека, ягонага асабістага сумлення?

На мой погляд, усялякая — ці то ад імя дзяржавы, ці то ўласная — спроба абмежаваць гэты выбар ёсць вынік інтэлектуальнай распусты і сардэчнай глухаты.

Глухаты, праз якую немагчыма пачуць Музыку, што даравана толькі чалавеку.

Невядома кім і адкуль.

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?