Маскоўская газэта "Время новостей" паведамляе: "Кіраўнік ПАРЭ гатовы сустрэцца з Лукашэнкам". Загаловак крышку спэкуляцыйны. З тэксту вынікае, што сп. ван дэр Ліндэн гатовы толькі на пэўных умовах.

Сам жа тэкст — гэта інтэрвію зь Сяргеем Гайдукевічам. Апошнімі днямі ён дэманструе ньюсмэйкерскі імпэт. Напярэдадні адмысловы прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі прафігураваў у паведамленьнях шэрагу агенцый з праклямаваньнем пакету імаверных саступак Менска Эўропе. У "Времени новостей" мы бачым разгорнуты варыянт тых самых тэзаў.

Адзначым два моманты. Па-першае, тонкі намёк: "І канешне, ЭЗ не зацікаўлены, каб у Беларусі зьявіліся новыя вайсковыя базы". Па-другое, інтрыга вакол ван дэр Ліндэна, які, маўляў, пасылае канфідэнцыйныя мэсыджы Лукашэнку праз Гайдукевіча.

Што да першага пункту, дык пра новыя базы (паводле змаўчаньня — замежныя) казаць не зусім карэктна хаця б таму, што у нас няма "старых". Пад Ганцавічамі ды Вялейкай расейцы арандуюць вайсковыя аб'екты, а гэта іншы статус. Фактычна мы толькі дазваляем часова карыстацца тымі цацкамі:) І нашыя дзеячы ўжо намякалі Маскве, што могуць перадумаць (памятаеце нашумелую заяву Чаргінца?).

Думаеце, ад няма чаго рабіць пад Піцерам пабудавалі болей сучасны аналяг ганцавіцкай РЛС "Волга"? Дый вялейскі пункт сувязі з атамнымі субмарынамі "Антэй" хоць і важны, але не такі ўжо незаменны для Расеі. У іхнім штабе ВМС кажуць: калі што, у нас ёсьць дзьве ўласныя станцыі, здольныя забясьпечыць сувязь з падлодкамі ў любым пункце Ўсясьветнага акіяну.

Карацей, расейскія кіроўныя колы ўжо зрабілі высновы наконт ступені надзейнасьці хаўрусьніка. Ягоныя ж пэрыядычныя абяцаньні не прапусьціць танкі на Маскву ня надта каціруюцца з прычыны невялікай актуальнасьці самой пагрозы:) Ну а калі Крэмль захоча асымэтрычна адказаць на элемэнты супрацьракетнай абароны ЗША, дык "Іскандэры" можна паставіць у калінінградзкім анкляве. Карацей, стратэгічны козыр Менску абясцэніўся.

Наконт ван дэр Ліндэна.

Гэты шаноўны джэнтльмэн ужо атрымаў пілюляў за студзеньскі ваяж у "апошнюю дыктатуру". Зрэшты, ён можа скарыстаць для новага візыту нейкую сымбалічную саступку кшталту адкрыцьця інфармацыйнага бюро Рады Эўропы ў беларускай сталіцы. Офіс, у якім будуць раздаваць брашуркі мясцовым пасыянарам, вялікай пагрозы для рэжыму не ўяўляе (хаця і гэта, канешне, не зашкодзіла б дэмакратычнаму руху).

Але ж гульні з ван дэр Ліндэнам вядуцца не таму, што ягоная інстытуцыя наймацнейшая ў Старым Сьвеце. Наадварот, Менску яна бачыцца слабым зьвяном. У гэтай разнашэрснай арганізацыі мала вагароў уплыву і даволі размытая палітыка. Беларусь жа нават была адной нагой у ПАРЭ, пакуль ня грымнуў рэфэрэндум-96!

Куды болей пэрспэктыўна — і найперш з эканамічнага гледзішча — было б наладзіць дыялёг з Эўразьвязам. Але там палітыкі болей упартыя, чым празваны "добрым дзядзечкам" кіраўнік ПАРЭ. Наўрад ці ў Брусэлі палічаць прарыўнымі прапановы, рэклямаваныя Гайдукевічам. Дый інтрыга вакол нейкіх сакрэтных мэсыджаў ван дэр Ліндэна выглядае піяраўскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?