Футбольны клуб БАТЭ і іспанская кампанія Joma 29 мая ў Мінску падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое пачне дзейнічаць на стадыі плей-оф еўракубкавага цыкла 2013/2014 гадоў.

Кантракт разлічаны на тры сезоны — да канца 2016 года. Joma стане тэхнічным спонсарам БАТЭ, стварыўшы для клуба форму з эксклюзіўным дызайнам, якая будзе адпавядаць самым высокім стандартам якасці. Новая экіпіроўка будзе выканана ў звыклай для БАТЭ жоўта-сіняй гаме.

Генеральны дырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Дземянцэвіч на прэс-канферэнцыі па выніках падпісання пагаднення паведаміў, што новую форму атрымаюць усе каманды, што ўваходзяць у структуру клуба (асноўны склад, дубль, каманды груп падрыхтоўкі).

Апрача таго, плануецца арганізаваць продаж маек. Паводле слоў Дземянцэвіча, цана будзе даступная для простых заўзятараў.

Прадстаўнік «Joma-Іспанія» Раман Алюхніч зазначыў, што БАТЭ з’яўляецца камандай з вялікай арміяй балельшчыкаў, а таму з пункта гледжання маркетынгу пагадненне з ёю павінна прывесці да добрых вынікаў.

Дырэктар «Joma-Беларусь» Дзмітрый Ярмоленка зазначыў, што БАТЭ не толькі лідар беларускага футбола, але і футбольнай індустрыі краіны ў цэлым. Паводле яго слоў, пагадненне з’яўляецца для Беларусі навінкай. «Мы хацелі б, каб беларускія клубы не плацілі за экіпіроўку, а атрымлівалі яе бясплатна і нават зараблялі на гэтым грошы. БАТЭ паказвае, што ў футболе ў Беларусі можна не толькі траціць і асвойваць рэсурсы, але і атрымліваць прыбытак», — сказаў ён.

Кампанія Joma была заснаваная ў 1965 годзе, сярод яе кліентаў такія каманды, як бельгійскі «Стандард», італьянская «Фіярэнціна», румынскі «Клуж», іспанскія «Валенсія» і «Хетафе», партугальскі «Насьёнал».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?