Аляксей Калтуноў. Фота з сацыяльных сетак.

Аляксей Калтуноў. Фота з сацыяльных сетак.

«У заключэнні егіпецкіх медыкаў, якія праводзілі агляд цела Аляксея Калтунова, указана, што прычынай смерці стала атручванне алкаголем. Таксама ўказана, што смерць наступіла ў нумары гатэля, а не ў машыне хуткай дапамогі, як гэта падаецца ў СМІ», — паведаміла карэспандэнту «НН» піяр-менеджарка расійскага тураператара Anex Tour Алена Захарава, паслугамі якога карыстаўся загінулы турыст з Оршы і яго жонка. З заключэннем медыкаў карэспандэнт «НН» азнаёміўся дзякуючы Anex Tour.

«У суседні горад на машыне хуткай яго павезлі, бо там знаходзіцца морг».

Паводле Захаравай, у дакуменце, які толькі сёння даслалі егіпецкія медыкі, не ўказана, на падставе якіх аналізаў была ўстаноўлена прычына смерці.
Па інфармацыі, якую паведаміў блізкі сябар Аляксея Эдуард, егіпецкія медыкі праводзілі толькі знешні агляд цела, бо жонка Аляксея адмовілася праводзіць аўтапсію ў егіпецкай бальніцы.

«Зразумела, што праз такі дыягназ страхавая фірма прызнала гэтую смерць не страхавым выпадкам і адмовілася выдаткоўваць грошы на рэпатрыяцыю. Аднак зараз чакаецца адказ беларускіх спецыялістаў.

Калі пры ўскрыцці яны ўстановяць, што прычынай смерці было не атручванне алкаголем, а, як сцвярджаюць родныя, рыбай, тады страхоўшчык павінен будзе аплаціць рэпатрыяцыю цела ў Беларусь, а таксама выплаціць грашовую кампенсацыю.
Пасля ўскрыцця гэтае пытанне будзе разглядацца на палітычным узроўні», — расказала Захарава.

У сваім афіцыйным паведамленні тураператар Anex Tour «выказвае шчырыя спачуванні сям’і загінулага».

Нагадаем, што 25-гадовы жыхар Оршы Аляксей Калтуноў памёр 25 мая падчас адпачынку ў гатэлі Aquamarine Sun Flower Resort у егіпецкім горадзе Таба.

Cябар Аляксея Эдуард, які дапамагае даставіць цела Аляксея на радзіму, не верыць у версію з алкагольным атручваннем.

«Я ведаю ўсё са словаў ягонай жонкі Марыі. Яна расказала, што піў ён апошні раз за суткі да смерці, ды і то не больш за куфаль піва. Усё пачалося 23 мая, калі Аляксей, Марыя і яшчэ адна пара з Масквы паабедалі ў гатэльным рэстаране.

Мужчыны абодва ўзялі сабе рыбу, а жанчыны — нешта іншае. Пасля гэтага мужчыны адчулі недамаганне. На наступны дзень была запланавана экскурсія, але Аляксей застаўся ляжаць у нумары. Яго сябар паехаў, яго па дарозе закалыхала. Ён ванітаваў і гэтым, відаць, прачысціў арганізм.

Увечары Аляксей і Марыя пайшлі на вячэру, і там Аляксей страціў прытомнасць. Тады выклікалі доктара. А ў іх дактароў на ўсё тры адказы: стрэс, сэкс ці алкаголь. Медык усё спісаў на стрэс і зрабіў Аляксею нейкую ін’екцыю. Пасля яе Аляксей заснуў, але а 2-й гадзіне ночы разбудзіў жонку і папрасіў выклікаць «хуткую» — яму стала вельмі дрэнна, у яго пачаліся сутаргі, а з рота пайшла пена. Марына спусцілася ўніз, але хуткую дапамогу выклікалі вельмі доўга. Па дарозе ў шпіталь Аляксей памёр, так і не прыходзячы ў прытомнасць».

Алена Захарава, у сваю чаргу, сцвярджае, што з выклікам «хуткай» у гатэлі праблемаў не ўзнікла.
Прадстаўнік кампаніі, які пастаянна знаходзіўся ў гатэлі, дапамог Марыі ў гэтай справе, а таксама пастаянна знаходзіўся побач з ёю ў Егіпце пасля здарэння, кажа яна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?