Гэтыя ананімныя лісткі хадзілі па краіне ў «эпоху Жыгімонтаў». Іх выдавалі перасоўныя друкарні, якія знаходзіліся ў Кракаве і Вільні або ў абозе каралеўскага войска. Называліся гэтыя выданні «навінкі» («сеймавыя навінкі»), «рэляцыі» (апісанні). Многія з іх мелі непасрэднае дачыненне да Беларусі.

Чыталі іх людзям з амбонаў. Ксяндзы былі першымі «дыктарамі навін», а калі трэба — і аналітыкамі. «Калі бяда якая здарыцца, то найхутчэй пра яе паведамяць «навінкі», хоць часам і схлусяць», — так характарызавалі іх сучаснікі.

Найбольш у першых «Навінках» пісалі пра Інфлянцкую вайну. На гравюры: аблога Полацка войскамі Івана Жахлівага.

Найбольш у першых «Навінках» пісалі пра Інфлянцкую вайну. На гравюры: аблога Полацка войскамі Івана Жахлівага.

«Чытаў, што пішуць?» — ліцвінская шляхта XVI стагоддзя.

«Чытаў, што пішуць?» — ліцвінская шляхта XVI стагоддзя.

«Навіны грозныя, жахлівыя і жалобныя»

Першыя вядомыя друкаваныя «навінкі» датуюцца 1557. Невядомы аўтар пісаў пра міжнародную палітыку: дамоўленасці паміж Папам і цэзарам і «новай і вартай здзіўлення паразе турак».

У хуткім часе прыйшлі звесткі пра войны ва ўласнай хаце. У 1563 у выпуску, названым «навіны грозныя, жахлівыя і жалобныя», апавядалася, як «вялікі князь маскоўскі са зброяй на зямлю літоўскую падступна ўварваўся; палячы ўсё на сваім шляху і забіваючы людзей, бессаромна і не зважаючы на хрысціянскую міласэрнасць гарады і замкі здабыў і вялікую шкоду ўчыніў».

Вайне з Іванам Жахлівым былі прысвечаныя і наступныя «навінкі» 1564-га. Яны друкаваліся ў пражскім Старым градзе і называліся «важныя навіны з зямлі Літоўскай».

А ў «навінах праўдзівых» ад 1579 паведамляецца пра тое, што літвінамі «ўжо ўзяты знакаміты замак Полацк, які знаходзіцца на літоўскім памежжы».

Як бачым, выданні сачылі за развіццём сітуацыі.

Кароль гаворыць

Першым гаспадаром, які ацаніў магчымасці друкарні, быў Сцяпан Батура. Падчас вайны з Масквой у каралеўскім абозе ехала паходная друкарня, якая дазваляла манарху кіраваць дзяржавай дыстанцыйна. Баторый выдаваў эдыкты на лаціне і па-польску, якія загадваў, акрамя ўсяго іншага, чытаць у касцёлах. Яны былі прысвечаныя розным бакам жыцця. Адзін з іх называецца «Артыкулы вайсковыя па загадзе Яго Каралеўскай Мосці агалошаныя». Кароль мусіў, відаць, умацаваць дысцыпліну войска. Працытуем найбольш красамоўны артыкул №5: «Калі б хто ў абозе або падчас паходу сварку распачаў, пакараны судом Яго Каралеўскай Мосці будзе; калі б хто іншага забіў, будзе асуджаны; калі б хто меч на іншага ўзняў — руку той страціць».

Ідэалагічная прапаганда

«Узялі мы мужыка простага Ягайлу і зрабілі з яго караля, далі яму высакародную каралеву», — пісаў у «Люблінскіх навінах» ад 1567 «грамадзянін Каралеўства», які пажадаў застацца невядомым. Ён даводзіць, што «аб’яднанне з Польшчаю Літва павінна лічыць вялікім для сябе шчасцем», бо «падаравалі продкі нашы Літве свабоду, бо касілі літвіны сена і былі рабамі ў паноў сваіх».

На жаль, у «навінках» не захавалася палемічных меркаванняў жыхароў ВКЛ на гэты конт.

З Японіі і Кітая

Друкары паведамлялі пра палітычныя і ваенныя падзеі ў Францыі, Германіі, Турцыі, Італіі. Але часта ў «навінках» з’яўляліся паведамленні і з экзатычных краін «новага свету». Напрыклад, у 1608 жыхары Рэчы Паспалітай чыталі трагічную гісторыю пра «слаўную смерць шасці японскіх шляхціцаў, якую яны прынялі ў імя Ісуса Хрыста».

У 1616 з’яўляюцца «навіны або двухгадовыя падзеі (1606 — 1607), што мелі адбыцца ў Японіі і Кітаі, краінах язычніцкіх, новага свету». Гэта справаздача аб місіянерскай дзейнасці двух езуіцкіх прапаведнікаў. Яшчэ адна навіна з Японіі датуецца 1625: «118 пакутнікаў жахліва закатаваныя ў імя Ісуса Хрыста; забітыя мячом, агнём і вадой. Хвалы вечнай праз пакуты свае яны дасягнулі».

Маскоўскі вектар

На мяжы ХVI — XVII стст. асноўнай тэмай «навінак» была Масква. «Смута» і літоўска-польскія перспектывы на Усходзе — усё гэта выклікала цікавасць у чытацкай публікі ВКЛ. У 1608 пэўны шляхціц з Літвы «праінтэрв’юіраваў» пасланца маскоўскага князя, распытаўшы, «што з Дзмітрыем, а таксама з палякамі ў маскоўскай сталіцы адбылося». У тым самым годзе апублікаваныя «навіны з Масквы аб уступленні цара Дзмітрыя на царства, дасланыя ім пані ваяводзіне сандамірскай Мнішкавай».

У 1609 «маскоўская тэма» зноў асвятляецца. «Навінкі» пішуць пра ваенныя перамогі, але між радкоў спрактыкаваны літвін мог прачытаць не вельмі прыемныя звесткі: «Найяснейшы і непераможны Яго Мосць Кароль Польскі, быўшы з войскам у Маскве, не жадаючы, каб кроў хрысціянская па-тыранску лілася, маючы намеры выключна добрыя і нават ласкавыя, паслоў сваіх дасылае... да маскоўцаў, абяцаючы захаваць ім усе іх правы, свабоды і рэлігійныя абрады, калі яны яго добраахвотна панам і абаронцам прызнаюць».

Паслоў да пераможаных не шлюць. Чытаючы гэткія навіны, і ў Кракаве, і ў Вільні рабілі аднолькавую выснову: вынік вайны няпэўны. Праз колькі месяцаў у віленскай друкарні Яна Карцана рыхтуецца новая рэляцыя аб ваеннай выправе ў Маскву. Там ёсць цікавая прыпіска друкара: «Каб толькі тая выправа з Боскай дапамогай была шчаслівая і для Рэчы Паспалітай нашай карысная».

У 1610 бясконцыя маскоўскія навіны трохі разбавілі свецкай хронікай: паведамляецца пра «каранацыю Марыі Мэдычы, каралевы Французскай і Наварскай». А пасля — зноў звесткі з усходняга фронту. Паходная друкарня падае з-пад Смаленска «апісанне пасольства цара Дзмітрыя да Яго Мосці Гетмана і да Іх Мосцяў паноў Сенатараў, а таксама да ўсяго рыцарства». У 1611 спачатку віленская, а потым і кракаўская друкарні друкуюць «Трыумф радасны з прычыны ўзяцця Смаленска» войскам Жыгімонта Вазы.

Рэлігійныя супярэчнасці

У «рэляцыях» пачатку XVII ст. адчуваецца подых рэлігійных супярэчнасцяў таго часу. «Навінкі» за 1614 пішуць аб «гвалтоўным спыненні ерэтыкамі каталіцкага набажэнства». У 1619 нехта Ян Зрэнчыцкі выступіў у ролі ўласнага карэспандэнта вялікакняскай канцылярыі ў Чэхіі: ён інфармуе землякоў аб каталіцка-пратэстанцкай вайне і аб тым, што «кракаўскія жыды таемна чэшскім пратэстантам даслалі 1800 злотых». У 1620 з’яўляюцца «праўдзівыя навіны» аб спробе забойства караля і яго шчаслівым выратаванні.

Жаўцізна

Чым далей ад ХVI ст., тым больш матэрыялаў маюць аўтарства. Нярэдка карэспандэнцыі з месцаў змяшчаюць інфармацыю сенсацыйнага характару. Так, у 1632 украінскі шляхціц Станіслаў Рашыньскі дасылае паведамленне, якое друкуе каралеўскі тыпограф Ю.Расоўскі: «Запарожскія казакі, ехаўшы недалёка ад Белай Цэрквы, пачулі на адной гары крыкі і поклічы... Ажно некаторыя з іх насмеліліся, пад’ехалі пад гару, якая зараз жа расступілася, і струмень крыві з вадой выплыў з яе і куль нямала вывалілася. У якасці доказу гэтага здарэння ёсць у Варшаве адна куля, вылітая з нейкага клейкаватага матэрыялу, да смалы падобнага, з пахам серы. Калі па кулі ўдарыць жалезам — іскры сыпяцца».

Рэклама

У 1633 побач з навінамі з Масквы быў змешчаны верш, які сёння варта было б залічыць у шэраг рэкламных:

«Пытаеш навінаў, быў бы рады чытаць,

з-пад Смаленска просіш

хоць штось напісаць,

Абяцаеш ахвотна і шмат заплаціць,

не спяшайся, мой мілы, тут многа згубіць.

Дай за друк дзесяць грошаў усяго — і чытай.

Схочаш новых — яшчэ ў друкарні спытай».

Эксклюзівы

Адна з рэляцый 1634-га ўтрымлівае, сённяшняй мовай, файлы Вікілікс: «альбо ўрыўкі з допісаў паноў радных зямлі Маскоўскай, якія цару падаваліcя (у допісах тых раілася заключыць мір з каралём Яго Мосцю Гаспадаром нашым літасцівым)».

Аўтар апавядае, што маскавіты, абложаныя войскамі Рэчы Паспалітай у Смаленску, дужа напалоханыя, Шэін, «гетман іх генеральны, з усім абозам сваім і войскам дужа ад голаду, марозу і хвароб церпіць».

Чым далей, тым больш тэматычна разнастайнымі і частымі рабіліся «навінкі», адкрываючы ўсё шырэйшы свет чытачам. У іх ёсць звесткі аб еўрапейскіх войнах, палітыцы, дзівосах, прыродных катаклізмах. Апошняя рэляцыя, якая датуецца 1643, паведамляе пра «жахлівую паводку ў Італіі».

Тым часам над Рэччу Паспалітай абодвух народаў збіраліся хмары. Шведскі «патоп», крывавая вайна з Масквой, змаганне з туркамі, бясконцыя казацкія войны, унутраныя супярэчнасці абяскровілі дзяржаву. Ці да «навінак» і «рэляцый» было! Працэс пераўтварэння гэтых друкаваных лісткоў, голасу дзяржавы і царквы, у голас грамадства запаволіўся на стагоддзі.

Барбара Радзівіл вачыма замежнікаў

Асобны від рэляцый — справаздачы замежных паслоў. Навіны гэтыя, хоць і прызначаліся для нешматлікіх чытачоў, хутка разыходзіліся па Еўропе, перадаючыся з вуснаў у вусны. Так, нунцый Грацыані, сакратар пасла Вытыкана пры двары Жыгімонта ІІ Аўгуста, паведамляе, што кароль спачувае пратэстантам. Малюе Грацыані партрэты караля і яго жонкі Барбары Радзівіл. Жыгімонт, на яго думку, — чалавек распусны і непрадказальны. Барбара — жанчына легкадумная, «якая дзеля цяжарнасці прымала без разбору ўсялякія лекі, чым смерць сабе прыспешыла».

***

Віталь Еўмянькоў

дацэнт, кандыдат філалагічных навук. Працуе ў МДУ імя Куляшова (Магілёў). Даследуе гісторыю і літаратуру Рэчы Паспалітай у XVII — XIX стст. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар больш за 100 навуковых публікацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?