«Гэта дыктатар, рукі якога заплямленыя крывёю, і яму не месца ў нашай дэмакратычнай супольнасці», — заявіў Шульц на сустрэчы кіраўнікоў фракцый Еўрапарламента ў Вільні з кіраўнікамі фракцый і камітэтаў Сойма Літвы.

Так ён адрэагаваў на пытанне кіраўніка Камітэта па замежных справах (КЗС) Сойма Літвы Бенедыктаса Ёдкі пра тое, ці варта запрашаць на лістападаўскі саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні прадстаўнікоў Беларусі.

Літоўскі дэпутат разважаў, што прадстаўнікоў Беларусі варта запрасіць на віленскі саміт, які адбудзецца ў лістападзе гэтага года.

Ёдка адзначыў, што па рангу варта было б запрасіць Лукашэнку, але ён унесены ў спіс асобаў, непажаданых на тэрыторыі ЕЗ. Калі запрасіць прэм’ера Міхаіла Мясніковіча, то, на думку кіраўніка КЗС, Лукашэнка раззлуецца, што яго абмінулі, а кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей таксама ўнесены ў «чорны спіс».

«Важна зразумець адну рэч — што як бы мы не паступілі з Беларуссю, мы павінны выразна ўсведамляць — Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца дыктатарам, які толькі ў мінулым годзе загадаў абвясціць смяротны прысуд двум маладым людзям, хоць, на маю думку, яны былі цалкам не вінаватыя. Я асабіста расцэньваю гэта як палітычнае забойства», — заявіў кіраўнік ЕП у адказ Ёдку.

З іншага боку, ён акцэнтаваў, што нельга караць увесь беларускі народ, які і так пакутуе ад праўлення дыктатара.

«Мы павінны знайсці сярэдні шлях. З аднаго боку, кажучы яснае „не“ гэтаму дыктатару, з другога боку, імкнучыся адкрыць дзверы беларускаму народу. Знайсці гэты сярэдні шлях не лёгка, у нас няма загадзя падрыхтаванага рэцэпту для гэтага», — сказаў Шульц.

Нагадаем, саміт «Усходняга партнёрства» ЕЗ у Вільні ў канцы лістапада праводзіцца таму, што ў гэты час Літва будзе старшынстваваць у Радзе ЕЗ.

Немец Шульц вядомы шчырасцю і рэзкасцю сваіх выказванняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?