Турэцкая паліцыя ў Стамбуле вызваліла плошчу Таксім, планы забудовы якой прывялі да масавых пратэстаў.
Пасля таго, як з плошчы былі прыбраны барыкады, яе запоўнілі некалькі тысяч пратэстоўцаў.
Прэм'ер-міністр Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган публічна прызнаў, што паліцыя дапусціла памылкі падчас процідзеяння пратэстоўцам і неабгрунтавана ўжыла сілу. У міністэрстве ўнутраных спраў Турцыі заявілі, што да паліцэйскіх, чые дзеянні былі празмерныя, будуць ужытыя меры.

Дэманстранты пратэстуюць супраць забудовы плошчы Таксім і прылеглага да яе парку Гезі і высечкі ў ім дрэў. Масавыя пратэсты пачаліся ў пятніцу, 31 мая, і неўзабаве перараслі ў сутыкненні з паліцыяй. Па розных дадзеных, пацярпелі больш за 60 чалавек, паліцэйскія былі вымушаны ўжыць спецсродкі для разгону.

У парку Гезі плануецца пабудаваць гандлёвы цэнтр, а таксама аднавіць будынак казармаў часоў Асманскай імперыі. Эрдаган, каментуючы масавыя пратэсты, заявіў, што праект рэканструкцыі парку і аднаўлення казармаў адменены не будзе, аднак адзначыў, што лёс гандлёвага цэнтра ў парку пакуль няясны.

Акцыі салідарнасці з пратэстоўцамі ў Стамбуле адбыліся ў шэрагу іншых гарадоў Турцыі, у тым ліку ў Анкары, дзе дэманстранты занялі адну з цэнтральных плошчаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?