У серыі «Гарадзенская Бібліятэка» выйшла «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1341)» аўтарства доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча.

«Для мяне Вялікае Княства — прадаўжальнік дзяржаўнасці Полацкага, Тураўскага княстваў і адзін з важнейшых чыннікаў нацыянальнага будаўніцтва. У гэтай кнізе гісторыя ВКЛ падаецца ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі», — кажа аўтар.

Каардынатар кніжнай серыі «Гарадзенская Бібліятэка» Павал Мажэйка плануе, што ў наступныя гады будуць выходзіць кнігі, прысвечаныя чарговым этапам гісторыі ВКЛ:

«Канцавой мэтай нашай працы ёсць паўстанне тысячастаронкавай гісторыі Вялікага Княства, максімальна поўнай гісторыі ВКЛ, напісанай беларускім гісторыкам. Алесь Краўцэвіч вылучаецца акрамя грунтоўнага навуковага падмурку яшчэ і тым, што ён выдатны прамоўтэр беларускай гісторыі, чалавек які набліжае гісторыю да народа. Для нас важна таксама тое, што гісторык Краўцэвіч у сваіх працах бароніць беларускі пункт гледжання, беларускі інтарэс, што для значнай часткі сённяшніх гісторыкаў у Беларусі, зусім не відавочная рэч», — кажа П. Мажэйка.

Ад сённяшняга дня кнігу можна набыць у кнігарнях Мінска, а таксама асноўных інтэрнэт-кнігарнях, якія працуюць з беларускай гістарычнай літаратурай.