У артыкуле пра Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі, які з'явіўся на сайце «Нашай Нівы» 28 мая, ёсць фармулёўка, якая вымагае ўдакладнення, пішуць нам з Прадстаўніцтва. І прыводзяць цытату: «Ранейшыя праграмы дапамогі ЕС, напрыклад, ТАСІС, былі абмежаваныя неабходнасцю ўзгадняць кірункі і формы дапамогі з урадам краіны, у выніку чаго дапамога ў рэальнасці магла ісці толькі на эканамічныя, экалагічныя і сацыяльныя праекты», — напісаў журналіст.

У каментары Прадстаўніцтва гаворыцца: «Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі ніякім чынам не замяняе і не адмяняе сабой дзейнасць EuropeAid — Генеральнага дырэктарату Еўрапейскай Камісіі па пытаннях развіцця і супрацоўніцтва, які ажыццяўляе праграмы ў мэтах развіцця ў краінах усяго свету ў цесным супрацоўніцтве з урадамі і няўрадавымі арганізацыямі гэтых краін. Еўрапейскі Саюз забяспечвае больш за палову сусветнага аб'ёму дапамогі ў мэтах развіцця і імкнецца да 2015 года павялічыць аб'ём такой дапамогі да 0,7% свайго валавога нацыянальнага даходу. Пры гэтым менавіта атрымальнікі дапамогі вызначаюць, якая падтрымка, у якой сферы і калі ім неабходная. Гэта найважнейшая ўмова поспеху супрацоўніцтва ў мэтах развіцця, — падкрэсліваюць у Прадстаўніцтве. — Еўрапейскі Саюз фінансуе праекты супрацоўніцтва ў Беларусі ў аб'ёме каля 100 мільёнаў еўра, калі ўлічваць і рэгіянальныя праекты, і тэматычныя, і дзеючыя, і распрацоўваць. Згаданая ж у артыкуле Праграма TACIS (Праграма тэхнічнага спрыяння Садружнасці Незалежных Дзяржаў) дзейнічала з 1991-га па 2006 гады і з тых часоў ёй на змену прыйшлі іншыя стратэгічныя рамкі супрацоўніцтва.

Што тычыцца Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі, пра пачатак працы якога было абвешчана 27 мая, то ён кіруецца ў сваёй дзейнасці прыватным правам, мае свой уласны Статут і органы кіравання, і, падтрымліваючы ініцыятывы, накіраваныя на ўмацаванне дэмакратыі і вяршэнства права ў краінах-суседзях ЕС , можа прымаць рашэнні без уліку меркаванняў урадаў краін-суседзяў».

Ад Рэдактара. Дзякуем за ўдакладненне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0