Ніл Гілевіч
Ніл Гілевіч

«Наша пісьменнасць (…) вялікім пачуццём напоўненая, не на грашовых справах трымаецца яна і ніколі не пойдзе чысціць боты капіталу». Гэтыя словы Макіма Багдановіча Ніл Гілевіч зрабіў эпіграфам сваёй новай кнігі «Бунт непрыкаянай музы».

І насамрэч, ніводны з рупліўцаў беларускай справы ад Францыска Скарыны да Васіля Быкава не зрабіў на ёй грошай, не прыдбаў прыхільнасці начальства, не атрымаў пасадаў. Гэта тлумачыцца тым, што пэўны час наш народ быў пазбаўлены суверэнітэту, не меў ўласнай дзяржавы, якая мусіла б дбаць пра лёс краіны і нацыі і, у прыватнасці, клапаціцца пра захаванне і развіццё мовы і пісьменства як стрыжнявых чыннікаў нацыянальнага менталітэту. А прыхадню-акупанту і справы няма да нашых каштоўнясцяў. Больш таго, паколькі з дурнымі і непісьменнымі прасцей, чым з разумнымі і адукаванымі, дык кожны прыхадзень імкнецца пазбавіць народ годнасці, ператварыць у маўклівае быдла.

Нажаль, з адбудоваю нацыянальнай дзяржавы справы ў культурніцкай галіне не палепшыліся. Скарачюцца наклады беларускамоўнай перыёдыкі, паменела беларускіх кніг, з навучальніх праграм выкрэсліваюцца імёны, што складаюць славу беларускага пісьменства. Рэпрэсаваны пісьменніцкі Саюз, які адмовіўся легчы пад “Чырвоны дом». Нават пабытовая беларуская гаворка трактуецца як праява апазіцыйнасці, варожасці да існуючага рэжыму.

У гэтых умовах ўсё цяжэй прабіцца да чытача творцам, якія маюць свой гонар і сваё разуменне сітуацыі ў кране. Творцам, якія не заангажаваныя ўладаю. Сярод іх — народны паэт Беларусі, выдатны навуковец-літаратуразнаўца, перакладчык Ніл Сымонавіч Гілевіч. Перад ім зачыненыя дзверы дзяржаўных выдавецтаў. Ягонае слова прыходзіць да чытача, толькі дзякуючы спонсарам, неабыякавым да беларускай справы. Кніга вершаў “Бунт непрыкаянай музы» выйшла ў свет пры садзеянні Партыі камуністаў Беларускай. Паводле аўтарскага вызначэння, зборнік уяўляе сабою “маленькую анталогію вершаў з газетных палос (2001-2006)». Гэта найноўшая гісторыя Беларусі, гэта падзеі, якія адбываліся на нашых вачах. Больш таго, шмат хто з нас браў у іх непасрэдны ўдзел.

Ва ўступе Ніл Сымонавіч піша: “Што датычыць ідэйна-эстэтычнай арыентацыі адабраных у анталогію вершаў — яна вызначаецца сцвярджэннем жыцця па законах чалавечнасці, сацыяльнай справядлівасці, сумленнасці і дабрыні. Яе дэвіз — абарона чалавечай і нацыянальнай годнасці, служэнне Народу і Бацькаўшчыне». Паэт невыпадкова піша гэтыя словы з вялікай літары. Народ і Бацькаўшчына — гэта святое. Той, для каго беларусы ўсяго толькі насельніцтва, а Беларусь — тэрыторыя, вершаў Ніла Гілевіча не зразумее. Супраць гэтых злыдняў, мясцовага гатунку і прышлых, і скіраваны пафас ягонай публіцыстычнай паэзіі. Сёння, калі палітычная рэчаіснасць спараджае ў нашым грамадстве роспачныя настроі і тлум безвер’я, вершы зборніка, хоць і прысвечаны падзеям, што сталі гісторыяй, насамрэч успрымаюцца хронікай заўтрашняй перамогі. Гэта вершы суровага зместу, але аптымістычныя па сутнасці.

Аўтар не супакойвае чытача: маўляў, не турбуйся — усё неяк самачынна ўладкуецца. Так, уладкуецца, але калі менавіта ты прыкладзешь да гэтага розум і рукі. Калі-нікалі ў тэкстах з’яўляюцца словы зусім не з лексікону “высокай паэзіі» ды “прыгожага пісьменства». Але што зробішь — павінен жа нехта назваць рэчы сваімі імёнамі...

Баліць паэту не толькі за родную Беларусь, але і за братнюю Расію:

    У Расіі, прыроўненай к волату,
    багацейшай за ўсіх на планеце,
    паміраюць настаўнікі з голаду,
    застаюцца сіротамі дзеці.

Заробак беларускага настаўніка таксама не адпавядае сацыяльнай значнасці гэтай прафесіі. Прынамсі, і блізка не дацягвае да заробку шараговага амапаўца. Зрэшты, якая дзяржава — такія і прыярытэты:

    Не павераць, напэўна, нашчадкі,
    Што такія былі ў нас парадкі,
    Што дурнілі нас так верхаводы —
    Ненавіснікі нашай свабоды,
    Нашай мовы, і кнігі, і песні,
    Нашых скарбаў і нашых святынь,
    Усяго, што мы ў душах пранеслі
    Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Вершы Гілевіча часам нібыта перагукваюцца з творамі Купалы 20-х гадоў, у якіх Песняр, маючы відушчае сэрца і востры розум, папярэджаў грамаду: ідэалы Рэвалюцыі прысябечаныя авантурыстамі, якія гавораць ад імя народа, але ўжо забыліся пра народ. Гісторыя мае завядзёнку паўтарацца... Ды ўсе ж:

    Не падайце духам, хлопцы!
    Адкіньце суздром сумнеў!
    І гнеў не тапіце ў стопцы —
    У сталь загартуйце гнеў!
    Не трацьце надзей і веры,
    Пакутнай зямлі сыны!
    На вежах званіц збуцвелых
    Мы ўдарым яшчэ ў званы!
    Яшчэ мы абудзім сілы,
    Што спяць да пары ў касцях.
    Яшчэ мы на Шлях Гусіны
    Уздымем наш Герб і Сцяг!
    Каб бачыла ўся планета,
    Каб ведала людства ўсё,
    Якая вядзе нас мэта,
    Што ў сэрцах сваіх нясём.
    Не падайце ж духам, хлопцы!
    Адкіньце ж суздром сумнеў!
    І гнеў не тапіце ў стопцы —
    У сталь загартуйце гнеў!

Пётра Васілеўскі, «Товарищ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0