Дзесяць калектываў і выканаўцаў з краін Еўропы і ЗША выступяць у рамках новага праекта «Джазавыя суботы каля ратушы». Канцэрты адбудуцца 8, 15, 29 чэрвеня пад адкрытым небам на плошчы Свабоды ў сталіцы. Аб гэтым 4 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла дырэктар канцэртнага агенцтва «Эквілібрыум АРТС» Інга Бухвалава.

Арганізатарамі праекта сталі Міжнародны сацыяльна-эканамічны фонд «Ідэя», агенцтва «Эквілібрыум АРТС» і Мінгарвыканкам. Генеральнымі партнёрамі мерапрыемстваў праекта выступілі ААТ «Банк БелЗЭБ» і аўтацэнтр Kia «Атлант-М Баравая».

Паводле слоў Бухвалавай, у праграме праекта прадстаўлены «сучасны еўрапейскі джаз, якім жыве ўся Еўропа, традыцыйны амерыканскі джаз і малады, але ўсім знаёмы беларускі джаз».

Праект адкрыецца 8 чэрвеня выступленнем зоркі новай джазавай хвалі Шэнды Рул (ЗША) у суправаджэнні беларускага калектыву Apple Tea. Пасля слухачы пачуюць незвычайную сумесь джаза, авант-рока і танга ў выкананні маладога трыа Exultet (Францыя), а завяршыць першы вечар украінскі гурт Pur:Pur, які іграе індзі-рок з элементамі джаза.

Другая субота праекта, 15 чэрвеня, пачнецца з гукаў трубы 74-гадовага Эдзі Хендэрсана (ЗША), першы ўрок якому даваў легендарны Луі Армстранг. Вечар прадоўжыць нямецкае трыа Three Fall, якое выконвае сумесь хіп-хопа і джаза, а пасля — беларуская джаз-банда Lipnitsky Show Orchestra.

Завяршальны канцэрт праекта 29 чэрвеня парадуе выступленнем гурту аднаго з лепшых эстонскіх акардэаністаў Яка Лутсойі. Будзе прадстаўлена музыка розных кірункаў — ад джаза да традыцыйных індыйскіх матываў. Пасля на сцэну выйдуць італьянскія музыканты Кека Фарнарэлі і Раберта Чэрылья. Праект завершыць выступленне беларускага джазавага трыа Канстанціна Гарачага.

Дырэктар па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці фонду «Ідэя» Віктар Радзькоў на прэс-канферэнцыі адзначыў, што, хаця ў праекце запланаваны канцэрты на працягу толькі трох субот чэрвеня, «гэта толькі пачатак». «Мы ўсе даем пачатак тым мерапрыемствам, якія могуць нарадзіцца ўжо пасля нас, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, што ўпраўленне культуры нават не з намі, а іншымі партнёрамі зможа рэалізоўваць такія праекты, да прыкладу, не толькі джаз, але і фолк, блюз і нават рок-фестывалі».

Арганізатары і партнёры джазавага праекта выказалі надзею, што ён стане традыцыйным і будзе праводзіцца сістэматычна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?