«Ваш візіт вельмі важны для аднаўлення даверу паміж беларускім бокам і вашым офісам», — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 5 чэрвеня ў Мінску перад сустрэчай з прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуняй Міятавіч.

Паводле слоў Макея, у бакоў дастаткова пытанняў для абмеркавання. «Апошнім разам у Беларусі вы былі два з паловай гады таму, шмат вады выцекла, — сказаў кіраўнік МЗС. — Вы ведаеце пра нашы праблемы ў адносінах з ЕС. Нягледзячы на існыя праблемы, мы гатовы да супрацоўніцтва і пастаянна ўзаемадзейнічаем з вашым офісам».

Макей адзначыў, што падчас свайго трохдзённага візіту ў Беларусь Міятавіч сустракалася з рознымі людзьмі, якія выказвалі розныя думкі.

«У вас ёсць шанс адэкватна ацаніць сітуацыю ў Беларусі», — заўважыў ён.

Кіраўнік МЗС заявіў, што хацеў быў пачуць ад Міятавіч пра яе ўражанні ад візіту ў Беларусь, і павіншаваў яе з пераабраннем яшчэ на тры гады прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

Міятавіч у сваю чаргу адзначыла, што яе добра прымалі і яна пачувае сябе ў Беларусі як дома.

«Я ўдзячная, што ўсе дзверы для мяне былі адчынены, мне вельмі важна пачуць усе галасы і ўсе меркаванні», — сказала прадстаўнік АБСЕ.

Яна таксама выказала надзею на тое, што яе наступны візіт у Беларусь адбудзецца досыць хутка.

Пасля гэтага сустрэча Макея з Міятавіч адбывалася пры зачыненых дзвярах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?