Нанакантэйнеры з інсулінам. Фота з сайта Journal of Agriculture and Food Chemistry.

Нанакантэйнеры з інсулінам. Фота з сайта Journal of Agriculture and Food Chemistry.

Цукроўка 1 тыпу «прывязвае» хворых да штодзённых жыццёва неабходных ін’екцыяў інсуліну. Хоць сёння распрацаваны зручныя шпрыцы-ручкі і прылады для аўтаматычных ін’екцый, усё адно інсуліназалежныя хворыя вымушаныя карыстацца глюкометрамі, увесь час насіць з сабой запас інсуліну і рабіць сабе ўколы.

Аднак даследчыкі з універсітэта штата Паўночная Караліна і універсітэта ў Чэпэл-Хіл сцвярджаюць, што вырашылі гэту праблему. Навукоўцы пакуль не знайшлі спосабу аднавіць нармальную работу падстраўнікавай залозы, але распрацавалі прынцыпова новы спосаб дастаўкі інсуліну ў арганізм.

Група даследчыкаў стварыла прэпарат, які будзе аўтаматычна кантраляваць вызваленне інсуліну ў кроў. Ён складаецца з часціцаў памерам не большых за адзін нанаметр. Кожная часціца мае інсулінавае ядро і абалонку з поліцукрыду дэкстрану. Да кожнай часціцы таксама «прымацаваны» фермент пад назвай глюкозааксідаза.

Калі ўзровень глюкозы ў крыві дасягае пэўнага ўзроўню, глюкозааксідан ператварае яе ў глюконавую кіслату. Кіслата распускае абалонку часціцы і інсулін вызваляецца ў кроў, што паніжае ўзровень цукру ў крыві і спыняе далейшую рэакцыю.

Кажучы простымі словамі, распрацаваныя наналекі імітуюць працу падстраўнікавай залозы і не патрабуюць ніякіх дзеянняў з боку хворага. У часопісе Journal of Agriculture and Food Chemistry, дзе былі апублікаваныя звесткі даследавання, указана, што адна ін’екцыя новага прэпарату падтрымлівала нармальны ўзровень цукру ў крыві ў інсуліназалежнай мышы цягам 10 дзён. Даследчыкі лічаць, што наступным крокам стане выпрабаванне прэпарату на людзях.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце налічваецца 347 мільёнаў хворых на цукроўку. У Беларусі на цукровы дыябет хварэюць каля 220 тысячаў чалавек, або 2,4% насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?