Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі выступае за вяртанне ў школьную праграму курса "Асновы бяспекі жыццядзейнасці" (АБЖ) у якасці абавязковага прадмета і ўвядзенне па ім заліку ці экзамену. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Уладзімір Рафальскі на прэс-канферэнцыі ў Мінску 5 чэрвеня.

Паводле слоў Рафальскага, ініцыятыва МНС была падтрыманая Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі, а Міністэрства адукацыі атрымала даручэнне намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка прапрацаваць гэта пытанне.

"Зараз ідзе праца ў гэтым кірунку. Упэўнены, што ў хуткай будучыні АБЖ будзе ўключана ў абавязковую навучальную праграму і па ім будзе здавацца залік", — сказаў Рафальскі.

Паводле яго слоў, нават калі аб'ём курса будзе невялікім, ён "усё роўна вельмі важны" для дзяцей, якіх неабходна навучыць бяспечным паводзінам на вадзе, пры пажары, халадах і іншых надзвычайных сітуацыях.

Апрача таго, МНС гатова аказваць паслугі па навучанні, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы выкладчыкаў курса АБЖ. Паводле слоў Рафальскага, для таго каб весці гэты прадмет, не авязкова атрымліваць вышэйшую пажарную адукацыю, і выкладчыку будзе дастаткова тых ведаў, якія ён атрымае цягам 2—4-тыднёвых курсаў.

Курс АБЖ быў выключаны са школьнай праграмы ў 2008 годзе, калі сярэдняя школа пераходзіла з 12-гадовай на 11-гадовую адукацыю, і зараз вывучаецца на факультатывах.
МНС і ДАІ неаднаразова ўзнімалі пытанне аб вяртанні курса АБЖ у школьную праграму, але пытанне дагэтуль застаецца нявырашаным.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?