Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама абнародавала падрабязнасці нападу на вадзіцеля пад Мінскам 31 мая і раскрыцця гэтага злачынства.

Нагадаем, злачынства было ўчынена з мэтай завалодання аўтамашынай. 31 мая каля 14 гадзін у Партызанскае РУУС звярнуўся 24-гадовы мінчанін. Ён паведаміў, што за гадзіну да таго два невядомыя, пагражаючы пнеўматычным пісталетам, у лясным масіве каля пасёлка Сосны завалодалі яго аўтамашынай «БМВ» 2007 года выпуску і сотавым тэлефонам.

З улікам наяўнай інфармацыі на раскрыццё злачынства быў мабілізаваны ўвесь асабовы склад Заводскага РУУС, да вышуковых мерапрыемстваў падключыліся лепшыя сышчыкі раённага ўпраўлення. Ужо да вечара гэтага ж дня падчас правядзення цэлага комплексу аператыўна-вышуковых распрацовак супрацоўнікі крымінальнага вышуку вылічылі асоб, якія мелі дачыненне да разбойнага нападу. Імі аказаліся двое мінчан: 39-гадовы раней не судзімы вадзіцель аднаго з ТАА і 27-гадовы раней судзімы за хуліганства і крадзеж беспрацоўны. Падазроныя хутка былі затрыманы ў сябе дома супрацоўнікамі крымінальнага вышуку пры сілавой падтрымцы байцоў ЗАХР МУС.

Недалёка ад месца злачынства быў знойдзены пісталет нападнікаў. У міліцыі яны расказалі, што да ўчынення злачынства рыхтаваліся загадзя, выпрацавалі дасканалы план. Для ажыццяўлення задуманага набылі мабільны тэлефон, аформілі яго на падстаўную асобу. Напярэдадні нападу знайшлі патэнцыяльнага пакупніка машыны. Аднак да канца ажыццявіць сваю задуму не здолелі. Зараз у дачыненні да падазроных распачата крымінальная справа. Праводзіцца расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?