Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў пракамэнтаваў установачнае інтэрвію расійскага пасла Сурыкава.

«Амбасадар Сурыкаў, мабыць, забыў, што ён знаходзіцца не дзе‑небудзь у Алтайскім краі, а ў незалежнай Беларусі. Такія заявы, па‑першае, не ўласцівыя дыпламатам, а па‑другое, іх можна расцэньваць, як замах на суверэнітэт дзяржавы», — заявіў былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, каментуючы заяву расейскага амбасадара ў Беларусі Аляксандра Сурыкава пра верагоднасць размяшчэння ў Беларусі расейскіх ядзерных аб`ектаў. (Поўны тэкст інтэрвію расейскага пасла, зь якога можна зразумець, як у Расеі сёньня ўспрымаюць Беларусь і што для Расеі найбольш важнае, можна прачытаць тутака.)

У 1991‑1994 гады Андрэй Саннікаў удзельнічаў у перамовах па ядзерным раззбраенні Беларусі. На яго думку, расейскі амбасадар наўрад ці мог зрабіць такую заяву без санкцыі расейскага кіраўніцтва, а значыць, да гэтых заяў трэба ставіцца вельмі сур`ёзна. «Аж да перагляду статусу расейскіх вайсковых аб`ектаў на тэрыторыі Беларусі», — лічыць Саннікаў.

«Беларусь у свой час зрабіла важкі ўнёсак ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі, прыняўшы на сябе абавязальніцтвы, як па звычайных, так і па ядзерных узбраеннях, і менавіта гэта можа служыць асновай для далейшага ўмацавання нашай бяспекі. Становіцца відавочным, што знайсці гарантыі бяспекі можна толькі ў еўрапейскім кантэксце, больш дакладна, у еўраатлантычным. Расея чарговым разам пацвярджае, што з'яўляецца для незалежнай дзяржавы крыніцай паніжэння бяспекі, як энергетычнай, так і ваеннай», — адзначае Андрэй Саннікаў.

У той самы час, адзначае міжнародны каардынатар Хартыі'97, у рамках Еўрапейскага Звязу гэтыя пытанні з`яўляюцца прэрагатывай кожнай асобнай дзяржавы. І калі няма згоды дзяржавы і няма агульнай згоды Еўразвяза, то сцэнар размяшчэння вайсковых баз або вайсковых аб`ектаў на тэрыторыі краін‑сябраў ЕЗ не можа быць рэалізаваны.

«Адмовіўшыся ад магчымасці размяшчэння ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі на пачатку 90‑х гадоў, Беларусь не толькі зрабіла важкі ўнёсак у міру ва ўсім свеце, але і вывела сябе за дужкі магчымага супрацьстаяння ядзерных дзяржаў — Расеі і Злучаных Штатаў. Цяпер жа словамі вышэйшага прадстаўніка Расеі ў Беларусі, амбасадара Сурыкава гаворыцца пра магчымасць ўцягвання нашай краіны ў канфрантацыю і гонку ўзбраенняў, якія зноў азначыліся», — лічыць дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?