Учора Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 257 «Аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, які вяртае гастрольныя пасведчанні. Паводле новага ўказа, арганізатары любога культурна-відовішчнага мерапрыемства абавязаны атрымаць пасведчанне на права яго арганізацыі і правядзення.

Цяпер аб магчымасці паслухаць тых ці іншых музыкаў ці ўбачыць спектакль будуць афіцыйна рашаць дзяржаўныя ідэолагі. «НН» спыталася ў беларускіх музыкаў, як яны ацэньваюць новы ўказ і яго магчымыя наступствы.

Віктар Шалкевіч: «Што тут каментаваць, тут і так даўно ўсё ясна. Рэгламентацыя культурніцкага жыцця ніколі не даводзіла да добрага. Вы ж не можаце загадаць усім кветкам распусціцца 1 красавіка. Так і з мастацтвам — яно будзе трансфармавацца ў фармат, напрыклад, кватэрнікаў ці выраджацца».

Зміцер Вайцюшкевіч: «Уласна на творчасці маёй гэты ўказ не адаб’ецца — гэтага мне не перашкодзяць рабіць. І як я ўжо 2 гады запар не магу арганізоўваць канцэрты, так і наўрад ці змагу зараз. Для такіх выканаўцаў, як я нічога новага гэты ўказ не прынясе, як у той песні: „Усё будзе, як было“. Лепш дык дакладна не стане. Горш — мабыць».

Аляксандр Кулінковіч: «Як сумленны грамадзянін, я пабойваюся ўсіх указаў, што ў нас выдаюць, асабліва калі ёсць магчымасць вяртання «чорных спісаў». Гэтыя чорныя спісы моцна ўдарылі па мне як па музыку, і ў мяне ўжо на генэтычным узроўні замацаваўся жах перад імі.

Сам па сабе гэты ўказ добры. Рэгламентацыя гастрольнай дзейнасці існуе ў многіх краінах. Аднак калі вонкава ён выглядае нармальна, зразумела, не факт, што ён будзе выконвацца дэмакратычна. Наўрад ці такі ўказ паменшыць колькасць замежных выканаўцаў у Беларусі і дапаможа мясцовым. Але ён можа стаць новым інструментам забароны.

Па вялікім рахунку, у нас выдатна забараняюць і без указаў. Як у сітуацыі з «чорнымі спісамі». Усе адмаўляюць іх існаванне, чыноўнікі ад іх адхрышчваюцца, але ўсё роўна рашэнні прымаюць на месцы. Дык і з гэтым указам усё адно ўсё будзе вырашацца на месцах. Забараніць можна каго заўгодна, улада заўсёды знойдзе прычыну, чаму вы забаронены. І гэта не толькі ў Беларусі. А сам указ я ацэньваю пазітыўна».

«Чорны спіс» праект Сяргея Гудзіліна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?