7 і 8 чэрвеня дружына Юрыя Шаўцова правяла ў Броварах два таварыскія маты супраць зборнай Украіны. У госці на спарынгі да паўднёвай суседкі беларуская каманда адправілася без шэрагу вядучых гульцоў. У прыватнасці, на таварыскія паядынкі не паехаў бясспрэчны лідар нашай зборнай Сяргей Рутэнка з іспанскай «Барселоны». У першым паядынку 7 чэрвеня ўкраінцы, якія вялі па ходзе матчу пяць мячоў, мінімальна перамаглі — 27:26, а другая гульня пераможца не выявіла, нічыя — 30:30.

За два туры да канца спаборніцтваў у шостай кваліфікацыйнай групе лідзіруе Ісландыя (астравіцяне выйгралі ўсе чатыры паядынкі і маюць на сваім рахунку восем ачкоў), якая забяспечыла сабе пуцёўку ў фінальны этап чэмпіянату Еўропы. Другімі з пяццю набранымі ачкамі ідуць беларусы, на два балы менш у славенцаў. Славенія і Беларусі аспрэчаць другую пуцёўку на еўрапейскае першынство. У аўтсайдара нашай групы зборнай Румыніі няма набраных ачкоў.

Каманда Юрыя Шаўцова 12 чэрвеня прыме ў Мінску каманду Ісландыі (Палац спорту, 18.00), а 16-га — згуляе ў гасцях са зборнай Славеніі (Любляна, «Арэна Стожыцэ», 19.00).

Рыхтуюцца да фінішу адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы і ўкраінцы, праўда, у адрозненне ад беларусаў, не маюць шансаў на выхад у фінальны турнір. Украіна займае апошняе месца ў сваім адборачным квартэце, наперадзе зборныя Польшчы, Швецыі (якія фактычна сабе гарантавалі выхад з групы) і Галандыя. 12 чэрвеня ўкраінцы прымуць шведаў, а праз чатыры дні адправяцца ў госці да палякаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?