Колькасць ахвяраў у выніку сутыкненняў у горадзе Бенгазі на ўсходзе Лівіі дасягнула 31, прынамсі 50 чалавек атрымалі раненні, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Да праліцця крыві прывяла дэманстрацыя пратэсту ля штаб-кватэры ваенізаванай групоўкі «Шчыт Лівіі», якая брала ўдзел у скіданні былога лідара краіны Муамара Кадафі і да гэтага часу адмаўляецца скласці зброю.

Жыхары Бенгазі патрабавалі расфарміравання групоўкі — нягледзячы на тое, што яна карыстаецца падтрымкай лівійскай арміі, якая разглядае такія атрады ў якасці свайго рэзерву.

Па словах відавочцаў, дзясяткі дэманстрантаў, некаторыя з аўтаматамі ў руках, сабраліся ля штаб-кватэры «Шчыта Лівіі». Звесткі аб тым, хто першым пачаў страляніну, супярэчлівыя — абодва бакі ківаюць адзін на аднаго.

Пасля некалькіх гадзін супрацьстаяння на аднаўленне парадку быў накіраваны вайсковы спецназ. Паводле інфармацыі крыніцы ў вайсковых колах, салдаты адбілі будынак штаба, страціўшы забітымі пяць чалавек.

Па словах лекара цэнтральнай бальніцы Бенгазі, да іх прывезлі 31 загінулага і прыкладна 70–80 параненых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?