Ноччу глядзелі фільмы з Джорджам Клуні. Пра кілераў, пра спецслужбы, пра барацьбу за рэсурсы, пра здрады сяброў і калегаў дзеля кар’еры і дабрабыту, а таксама пра дробныя (на першы погляд) дробязі, які ўплываюць на лёсы. Глядзелі фільмы і пілі мятную гарбату з лімонам. Маладую мяту я ўзяла ў садзе.

Пачыналася лета. У садзе квітнелі кусты белай шыпшыны і зацвітаў язмін. Крыкі жабаў… Мятны напой дае зялёны травяны супакой. І за акном зялёная цемра, у ёй свецяцца белыя кветкі.

Фільм спаўзаў у сон… і гэта я ўжо бараніла дэмакратыю і правы чалавека, і гэта мне перашкаджалі бюракраты, якія праз адсутнасць у іх гуманізму наймалі бяздушных кілераў. І кілеры былі падобныя да бюракратаў, а бюракраты да кілераў. І шанцаў уратавацца ў мяне не было зусім.

У зялёнай цемры за акном блытаўся вецер, хістаў голле ліп, крычалі каты. Дзікі бела-руды, як поўня, кот, скочыў на фортку, але напалохаўся і зваліўся. Усё гэта прыглушана праз зялёны мятны сон.

Зранку тэлефонны званок і грукат у брамку пачаўся адначасова. Прыехала Ленка — сяброўка дзяцінства. Стаяла перад брамай у чорным складскім халаціку, набірала мой нумар на сотавым і грукалася ў браму, побач стаяла яе сіняя машына. Я так даўно не бачыла Лену.

Сяброўства заўсёды цікавіла больш, чым каханне. З каханнем усё зразумела. А сяброўства больш тонкае. Роднасную душу знайсці складана. Каханне звязанае з целам, сяброўства — толькі з душой. Каханне мае матэрыяльны грунт. Што ні кажы, але з целам звязанае яно. Не веру я ў бесцялеснае каханне. Віва сяброўства! Як кажа адна вельмі разумная журналістка з Астраўца, «у сяброўстве не раствараешся так, як у каханні, — застаешся сабой. У сяброўстве няма таго магнетызму, як у каханні, калі без „прадмета“ і не дыхаецца. Сяброўства — гэта дадатковая ступень свабоды, таму што ты ведаеш: на свеце ёсць чалавек, які дакладна за цябе. І ты за яго таксама».

Вось так, «сяброўства — гэта дадатковая ступень свабоды», гэта ж як добра сказана! Менавіта ступень свабоды, а не яшчэ адна ступень эмацыйнай залежнасці.

І яшчэ — з сяброўкамі дзяцінства агульнае застаецца на ўзроўні падсвядомасці. І яшчэ яны памятаюць пра цябе тое, чаго не памятаеш ты пра сябе.

— Ці не бачыла ты сабаку? — спытала Лена.

Я яшчэ не зусім адышла ад зялёнага мятнага сну. Стаяла на панадворку ў піжаме. Не разумела, пра што яна кажа.

— Сабака, пабег у твой бок. Ці бачыла ты яго?

І яна пачала распавядаць пра сабаку. Што некалькі дзён, дзе б яна ні ехала па горадзе, трапляўся ёй на вочы непрыкаяны вялікі сабака, які бег то па ходніку, то па праезнай частцы.

— Быццам яму ўсё роўна — жыць ці памерці. Бяжыць без ежы, без вады, — сказала Лена. — Я пачала думаць, што гэта, можа, знак мне… Куды я, туды і ён. Калі ўбачыш сабаку, скажы мне. Ой, я так даўно не была ў вашым садзе, засумавала. Пакажы мне сад.

Мы прайшлі ў сад. Там Лена адразу знайшла сабе ў траве галіны ад канадскага клёна, якія добра падыходзяць, каб падвязваць памідоры, і папрасіла падрыхтаваць іх для яе — пасячы сякерай. А яна забярэ пазней.

— А як твая дачка? — спытала я ў яе. Дачка выйшла замуж у Амерыку. Пазнаёмілася з мужам, марскім афіцэрам, у Эміратах, дзе спявала ў бары.

— Запісалася на кастынг… паедзе голас спрабаваць, упершыню самастойна 500 кіламетраў да Лос-Анжэлеса. А правілы руху адрозніваюцца ад нашых, там на чырвоны зусім нельга паварочваць. Гэта дачка мне сказала: «Мама, прыблудныя сабакі забіраюць усё кепскае, калі іх прытуліць».

Лена распавяла, што цяпер працуе на фірме, якая гандлюе сілікатнымі блокамі, а ў музычнай школе толькі на 0,5 стаўкі.

І слушна зрабіла: працу трэба мяняць час да часу, калі нехта кажа пра працу «мы адна сям’я», гэта насцярожвае і хочацца сказаць «праца — не сям’я, так не бывае». Гэта проста маніпуляцыі, каб знішчыць дыстанцыю, каб пасля на правах «блізкага чалавека» лезці ў душу і там таптацца.

І яшчэ я паказала ёй мансарду, там гарышча раней было, а мы падлогу зрабілі.

— А вось тут мы з табой шукалі патаемныя куткі… Тут васількі сушылі.

Была ў нас такая гісторыя з васількамі. У 1978 годзе ў аптэцы мы прачыталі аб’яву, што за кілаграм здадзеных васількоў даюць 10 рублёў. Яшчэ там быў таямнічы «лікаподзій», за кілаграм якога давалі 15 рублёў. Цяпер можна набраць слова ў google і даведацца, што такое лікаподзій, а тады такой магчымасці не было, і мы заняліся нарыхтоўкай васількоў. Васількі раслі ў полі на другім беразе Дняпра. Кожную раніцу мы адчаплялі лодку ад цяжкога ланцуга, пераплывалі на той бераг, збіралі васількі. Пасля сушылі на гарышчы. Так прайшло лета. У выніку было расчараванне. У аптэцы нам сказалі, што, каб атрымаць грошы, трэба здаць кілаграм пялёсткаў васількоў… на гэтым усё. Я і цяпер не ведаю, ці магчыма набраць кілаграм сухіх пялёсткаў васількоў. А расчараванне зрабілася нашым спадарожнікам назаўжды.

— Вось тут мы сушылі васількі, — прамовіла Лена, — як мне цяпер адсюль спусціцца? Баюся вышыні.

На развітанне яна яшчэ раз нагадала:

— Пабачыш сабаку — тэлефануй.

— А што ты ад яго хочаш?

— Накармлю хаця б, а можа, і сабе вазьму, калі ён са мной пойдзе.

Вось так — літасць і лютасць, розніца ў адну літару.

У мяне на дыску засталося чатыры непрагледжаныя фільмы з Джорджам Клуні. І яшчэ меліса на градах. Меліса пахне лімонамі, і сны ад яе чароўныя, зялёныя, як ад мяты, але з больш фантастычнымі сюжэтамі.

3 чэрвеня 2013

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?