Адміністрацыйныя працэдуры (праверкі, ліцэнзаванне, дазволы) перасталі ўспрымацца беларускімі суб’ектамі гаспадарання як найбольш сур’ёзныя перашкоды для вядзення бізнесу. Пра гэта заявіў кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) ва Украіне і Беларусі Руфат Алімарданаў 11 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай вынікам даследавання «Дзелавое асяроддзе ў Беларусі 2013».

Алімарданаў звярнуў увагу, што беларускія прадпрыемствы ў параўнанні з 2009 годам адчуваюць значна менш праблем з атрыманнем ліцэнзій. Падчас даследавання IFC, у якім бралі ўдзел 1.266 топ-менеджэраў і ўладальнікаў малых і сярэдніх прадпрыемстваў, большасць прадстаўнікоў бізнесу заявілі, што не маюць праблем з атрыманнем ліцэнзій.

«Прагрэс адзначаны ў сферы атрымання ліцэнзій. Больш за палову апытаных заявілі, што яны не сутыкаліся з сур’ёзнымі праблемамі пры атрыманні ліцэнзій», — сказаў Алімарданаў.

Ён таксама адзначыў, што прадстаўнікі бізнесу падчас даследавання адзначылі шмат паляпшэнняў, якія датычацца працэдуры атрымання дазволаў, і ўказалі на зніжэнне колькасці праверак.

«Аднак падчас даследавання стала відавочная і занепакоенасць бізнес-супольнасці такімі праблемамі, як нестабільнасць заканадаўства, недахоп кваліфікаванага персаналу і недахоп знешняга фінансавання», — канстатаваў Алімарданаў.

Так, 59% прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання, якія бралі ўдзел у даследаванні, назвалі «нестабільнасць заканадаўства» перашкодай для вядзення бізнесу. 56% апытаных паказалі «недахоп кваліфікаванага персаналу» ў якасці перашкоды, які абцяжарвае працу бізнесу. Траціна ўдзельнікаў апытання (35%) назвалі «недахоп знешняга фінансавання» перашкодай для вядзення бізнесу.

Даследаванне «Дзелавое асяроддзе ў Беларусі 2013» праводзілася, каб ацаніць вынікі рэформ у сферы паляпшэння бізнес-асяроддзя краіны, рэалізаваных пры садзейнічанні IFC, а таксама прааналізаваць найбольш значныя змяненні ўмоў вядзення бізнесу, якія адбыліся з 2009 па 2012 гады. У межах даследавання было апытана больш як 1.200 кіраўнікоў камерцыйных арганізацый, якія ўяўляюць розныя сектары эканомікі, з усіх абласцей Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?