У лісьце Ігнацьева банкам адзначаецца, што ЦБ Расеі рэгулярна выяўляе выпадкі, калі ў рамках выкананьня зьнешнегандлёвых кантрактаў (імпарту тавараў зь Беларусі ў Расею) расейскія кампаніі пераводзяць грашовыя сродкі на рахункі замежных крэдытных арганізацый, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

Паводле зьвестак расейскага ЦБ, у 2012 годзе расейскія арганізацыі перавялі прынамсі $ 15 млрд па такіх кантрактах на рахункі контрагентаў, адкрытых у банках за межамі Беларусі. «Сапраўднымі мэтамі такіх апэрацый можа быць легалізацыя (адмываньне) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і іншыя супрацьзаконныя мэты» – піша Ігнацьеў.

Таму ЦБ абавязаў банкі забясьпечыць падвышаную ўвагу да апэрацый з удзелам беларускіх контрагентаў.

«Беларусь стала важным напрамкам адтоку капіталу з Расеі, – кажа начальнік аналітычнага ўпраўленьня расейскага банка БКФ Максім Асадчы. – Аднак нават калі заткнуць гэтую дзірку, непазьбежна знойдуцца іншыя, пакуль капіталу ня будуць створаныя такія ўмовы ў нашай краіне, што ён сам не захоча бегчы зь яе».

Яшчэ адна ідэя Цэнтрабанка РФ – стварыць у рамках Мытнага зьвязу, куды ўваходзяць Расея, Беларусь і Казахстан, адмысловую структуру, якая зоймецца барацьбой з «адмываньнем» грошай.

Старшыня ЦБ Ігнацьеў яшчэ год таму ў лісьце ва ўрад адзначаў, што Цэнтрабанк рэгулярна выяўляе выпадкі маштабнага вываду грашовых сродкаў з Расеі з выкарыстаньнем фіктыўных кантрактаў паміж айчыннымі і казахстанскімі, а таксама беларускімі контрагентамі. Грошы па такіх кантрактах накіроўваюцца расейскімі кампаніямі і прадпрымальнікамі ў краіны за межамі Мытнага зьвязу (афшорныя тэрыторыі, Латвію). «Апэрацыі праводзяцца праз расейскія, казахстанскія і беларускія банкі. Штомесяц празь іх з Расеі выводзіцца $1,5-2 млрд», – пісаў тады Ігнацьеў.

Гэтыя заявы кіраўніцтва ЦБ Расеі мы папрасілі пракамэнтаваць былога старшыню Нацыянальнага банку Беларусі Станіслава Багданкевіча. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Багданкевіч: Відаць, у межах гэтай схемы беларускае прадпрыемства ці фірма складаюць фіктыўны кантракт на пастаўку ў Расею з пазначэньнем рахунку, скажам, на Кіпры, куды пакупнік павінен перавесьці аплату. Такім шляхам расейцы выводзяць грошы з краіны, карыстаючыся фіктыўнымі кантрактамі беларусаў.

Радыё Свабода: А беларусы, афармляючы такія кантракты, не парушаюць беларускае заканадаўства?

Багданкевіч: Ну, гэта прамое махлярства. Трэба шукаць, хто робіць, і караць. Калі я быў старшынём НББ, такой практыкі не было.

РС: А ці няма тут двайнога парушэньня закону? З аднаго боку, фіктыўная пастаўка тавару, махлярства. З другога боку, хіба можа беларускі суб'ект гаспадараньня папрасіць, каб плата за пастаўкі нечага была пераведзеная не ў Беларусь?

Багданкевіч: Другое якраз магчыма. У маю бытнасьць на чале НББ такія рэчы на рэальных пастаўках былі. Некаторыя прадпрыемствы хацелі захаваць грошы ў Расеі. Пастаўлялі, напрыклад, трактары, адкрывалі рахунак у Расеі і адсоткаў 20 выручкі пакідалі на рахунку ў Маскве. Такія махінацыі маглі быць. Але мы зь імі змагаліся і нарэшце зжылі. Але гэта былі добрасумленныя пастаўкі. А вываз грошай на захад – гэта ўжо махлярская апэрацыя з выкарыстаньнем фіктыўных беларускіх, казахстанскіх і іншых рахункаў.

«Гэта не беларускае пытаньне, – паведаміла карэспандэнту Свабоды крыніца ў Нацбанку Беларусі, якая пагадзілася адказаць на умовах ананімнасьці. – Пры гэтых афёрах грошы наагул не трапляюць у беларускую банкаўскую сыстэму.
Што да паходжаньня фіктыўных кантрактаў ад імя беларускіх фірмаў, то неабавязкова яны зробленыя ў Беларусі. Скажам, даляры, можна дзе заўгодна падрабляць, неабавязкова ў ЗША».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?