Абдула Гюль |
Ваенныя і сьвецкія колы бачаць у перамозе Гюля — прававернага мусульманіна — пагрозу прынцыпу аддзяленьню рэлігійных інстытутаў ад дзяржавы.
Прэзыдэнта Турцыі абірае парлямэнт. Для перамогі ў трэцім туры Гюлю было дастаткова набраць простую большасьць галасоў, якім валодала кіроўная партыя, што і вылучыла яго кандыдатуру. У Партыі справядлівасьці і прагрэсу 340 з 550 месцаў у турэцкім парлямэнце.
Вылучэньне кандыдатуры Гюля ў красавіку выклікала палітычны крызыс у краіне, які і прывёў да датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, але пераканаўчую перамогу на іх атрымала Партыя справядлівасьці і прагрэсу.
Народны прэзыдэнт?
Упершыню ў гісторыі сьвецкай Турцыі на чале краіны стане чалавек зь ісламісцкімі поглядамі. Жонка Гюля носіць мусульманскі платок, што забаронена ў дзяржустановах Турцыі, у тым ліку і прэзыдэнцкім палацы.
Ваенныя і прыхільнікі сьвецкіх прынцыпаў неаднаразова зазначалі, што Гюль і яго партыя будуць прасоўваць рэформы, якія падрываюць сьвецкую канстытуцыю.
Але сам Гюль неаднаразова заяўляў, што ня будзе мяняць канстытуцыі і зьяўляецца прыхільнікам прынцыпу падзелу рэлігійных інстытутаў і дзяржавы.
Гюль, які заваяваў рэпутацыю вопытнага дыплямата ў перамовах аб уступленьні ў Эўрасаюз, абяцаў стаць прэзыдэнтам усяго турэцкага народу.
У левалібэральных колах ў абраньні Гюля бачаць перамогу малазабясьпечаных слаёў насельніцтва, якія трымаюцца больш кансэвартыўных поглядаў, якіх да гэтай пары ў палітыку не пускала сьвецкая эліта, якая падтрымліваецца арміяй.