Банк «БелВЭБ» усталяваў ля свайго офіса бронзавы «Дыялог».
Аўтар помніка скульптар Канстанцін Селіханаў.
Старшыня праўлення банка «БелВЭБ» Павел Калавур.
Ад сёння ў Мінску стала на адну скульптуру болей. Банк «БелВЭБ» урачыста адкрыў на пляцоўцы ля свайго цэнтральнага офіса на праспекце Пераможцаў скульптуру «Дыялог».
Прадстаўнікі банка заявілі, што паўтаратонная бронзавая праца беларускага скульптара Канстанціна Селіханава мусіць сімвалізаваць галоўныя якасці банка: яго адкрытасць і гатоўнасць да дыялогу з кліентамі.
Селіханаў расказаў журналістам, што ствараў скульптуру цягам шасці месяцаў. Паводле яго словаў, не абышлося і без працяглых дыскусіяў з замоўцамі скульптуры, але ўсе рознагалоссі былі паспяхова пераадоленыя.
Здымалі покрыва з помніка старшыня праўлення банка «БелВЭБ» Павел Калавур і намеснік старшыні Цэнтральнага раёна Раман Дмітраніца.
Цікава, што для прэзентацыі скульптуры, якая сімвалізуе гатоўнасць да дыялогу і адкрытасць, пляцоўку перад будынкам банку і частку паркоўкі ля гатэлю «Планета» абнеслі металічнай агароджай, а людзей прапускалі па спісах ці па запрашэннях.
— Мы да гэтага не маем дачынення — нажаль, такімі былі патрабаванні службы аховы. Але сам банк працягвае палітыку адкрытасці і празрыстасці. Нагадаю, мы адзіны банк у Беларусі, які публікуе справаздачы аб устойлівым развіцці. Ужо другую па ліку справаздачу можна чакаць у гэтым месяцы, — пракаментаваў сітуацыю Павел Калавур.