Віктар Сырыца.

Віктар Сырыца.

У дачыненні да баранавіцкага актывіста руху «За Cвабоду» Віктара Сырыцы складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за арганізацыю 2 чэрвеня фестывалю, прымеркаванага да 150-й гадавіны Мілавідскай бітвы.

«Пра тое, што мяне хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, я даведаўся 9 чэрвеня, атрымаўшы па пошце паведамленне з Баранавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў, — паведаміў БелаПАН Сырыца. — Таксама ў дакуменце гаварылася, што я павінен з’явіцца ў міліцыю 12 чэрвеня, каб падпісаць гэты пратакол».

Сырыца сказаў, што ініцыятыўная група, у якую ён уваходзіў, двойчы беспаспяхова падавала заяўкі на правядзенне фестывалю каля мемарыяльнага комплексу на месцы Мілавідскай бітвы 1863 года, размешчанага непадалёк ад вёскі Мілавіды Баранавіцкага раёна. Падчас трохгадзіннага фестывалю планавалася ўскладанне кветак да помніка, выступленні гісторыкаў, краязнаўцаў, паэтаў і бардаў. Агульная колькасць удзельнікаў мерапрыемства заяўлялася да 70 чалавек.

Запланаваны на 2 чэрвеня фестываль Баранавіцкі райвыканкам забараніў з матывіроўкай, што ў гэты дзень і ў гэты час аддзел культуры райвыканкама будзе праводзіць там сваё мерапрыемства, прысвечанае гэтай даце.

Ініцыятыўная група прыняла рашэнне перанесці адукацыйна-культурнае мерапрыемства на 9 чэрвеня і ў райвыканкам падала новую заяўку. Чыноўнікі зноў адмовілі, спаслаўшыся на закон «Аб масавых мерапрыемствах».

«2 чэрвеня мы вырашылі ўзяць удзел у мерапрыемствах, якія мела намер арганізаваць улада ў гонар Мілавідскай бітвы. А з-за таго, што у прызначаны час там нічога не адбывалася, мы ўсклалі кветкі да помніка касінерам. Пасля чаго пераехалі ў вёску Русіна, дзе на базе баранавіцкага аддзялення Таварыства беларускай мовы правялі запланаваныя намі памятныя мерапрыемствы», — дапоўніў Сырыца.

Паводле слоў актывіста, 12 чэрвеня ў Баранавіцкім РАУС яму падалі складзены ў дачыненні да яго пратакол за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства на падставе ч. 2 арт. 23.34 КоАП.

«Я мяркую, што ў гэтым выпадку дзеянні ўладаў яўна выходзяць за межы закону і цвярозага розуму. Мы маем права шанаваць памяць і адзначаць значныя гістарычныя падзеі. І ўлады забараняюць такія мерапрыемствы незаконна», — заявіў Сырыца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?