Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 172 краінамі ў свеце, у 50 з якіх працуюць 62 нашых дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы.
Але варта паглядзець не толькі на лічбы, але і на біяграфіі дыпламатаў.

Гісторыю дыпламатычнай службы ў незалежнай Беларусі можна падзяліць на некалькі перыядаў, лічыць выпускнік факультэта міжнародных адносінаў Белдзяржуніверсітэта Яўген Прэйгерман.

— У 1991 годзе літаральна па радыё шукалі людзей, якія валодаюць замежнымі мовамі, бо не было каму працаваць у сферы міжнародных адносінаў, —
кажа эксперт. — Напрыканцы 1990-х на службу ў Міністэрства замежных спраў (МЗС) сталі паступаць дзеці высокіх чыноўнікаў. Па шыльдах на міністэрскіх кабінетах адразу было бачна, у каго бацька чыноўнік, прафесар ці дырэктар буйнога прадпрыемства.
Цяпер дзеці чыноўнікаў ужо не хочуць працаваць у МЗС, бо рабіць трэба шмат, а заробкі невялікія.
І сёння ў міністэрскія кабінеты могуць патрапіць паспяховыя выпускнікі Белдзяржуніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін.
Заробкі ў міністэрстве, па словах суразмоўцы, вагаюцца ад 350 да 1000 долараў.

— Але ўсе імкнуцца з’ехаць на працу за мяжу.

Яшчэ тры гады таму ў замежных прадстаўніцтвах плацілі 2 тысячы долараў, —
адзначае Яўген Прэйгерман.

Вяршыня дыпламатычнай кар’еры — праца амбасадарам

Сённяшніх беларускіх амбасадараў, паводле Прэйгермана, можна падзяліць на дзве групы — кар’ерныя дыпламаты і палітычныя прызначэнцы.

Сярэднестатыстычны беларускі амбасадар — гэта мужчына, якому больш за 50 год. Яго дыпламатычная кар’ера пачыналася з дробнай працы ў Міністэрстве замежных справаў, пасля ў замежных консульскіх і дыпламатычных прадстаўніцтвах на пасадах сакратара ці дарадцы.

Праўда, сярод цяперашніх амбасадараў шмат былых чыноўнікаў — ад намесніка старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Пацкевіча (цяпер — амбасадар у Азербайджане) да віцэ-прэм’ера Уладзіміра Дражына (зараз — амбасадар у Літве і Фінляндыі па сумяшчальніцтве). Ім удалося мінуць паступовы дыпламатычны кар’ерны рост.

Таксама моцнае прадстаўніцтва ў амбасадах ад былых вайскоўцаў і сілавікоў. Напрыклад, амбасадарам у Арменіі працуе былы старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Сцяпан Сухарэнка. Былы міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў апошнія два гады прадстаўляе інтарэсы нашай краіны ў Туркменістане. А колішні камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і вайскамі супрацьпаветранай абароны Алег Пафёраў летась быў прызначаны амбасадарам у Венесуэле.

Па меркаванні палітолага Аляксандра Класкоўскага,

у Беларусі дагэтуль захаваўся савецкі прынцып – накіраваць на працу за мяжу чыноўніка, які або набліжаецца да пенсійнага ўзросту, або недасканала выконвае сваю працу.

— Гэта савецкая завядзёнка: праваліў участак — саслаць падалей ад вачэй. Засядзеўся на чыноўніцкім крэсле — хай дапрацуе за мяжой, — кажа эксперт. — Але у нашых прадстаўніцтвах працуюць і сапраўдныя спецыялісты. Таму агулам у прафесійным плане мы маем нядрэнны дыпламатычны апарат.

Усяго толькі тры жанчыны-амбасадаркі прадстаўляюць інтарэсы Беларусі за мяжой —
Алена Грыцэнка ў Нідэрландах, Наталля Жылевіч у Карэі і Вольга Гаўрук у Таджыкістане. Усе яны з’яўляюцца кар’ернымі дыпламатамі. Астатнія амбасадары — мужчыны.

Што датычыць адукацыі, большасць кар’ерных беларускіх дыпламатаў вучыліся ў Лінгвістычным універсітэце ў Мінску або вывучалі міжнародныя адносіны ў Маскве.

Дыпламатычную акадэмію ў Еўропе скончыў толькі Сяргей Алейнік, амбасадар у Вялікабрытаніі і Ірландыі.

Большасць беларускіх амбасадараў ведаюць дзве еўрапейскія замежныя мовы.

А сапраўдным паліглотам можна назваць амбасадара ў Венгрыі і Славеніі — Аляксандр Хайноўскі валодае французскай, англійскай, іспанскай і венгерскай мовамі.

Другую вышэйшую адукацыю многія сённяшнія амбасадары атрымалі ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе, больш маладыя сканчвалі ўжо Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

Дарэчы, што датычыцца ўзросту, самы малады амбасадар працуе ў Індыі – Віталю Прыму 37 год, самы сталы — ва Украіне — Валянціну Вялічку 69 год.

Ён працуе ў Кіеве з 2001 года — гэта самы працяглы стаж сярод сённяшніх амбасадараў.

Следам за ім ідзе пасол Беларусі ў Азербайджане Мікалай Пацкевіч (у Баку з 2006 года) і пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка (у Рызе з 2006 года).

Калі глядзець на паходжанне беларускіх амбасадараў, то першыя пазіцыі займаюць выхадцы з Мінскай вобласці — 14 прадстаўнікоў, далей ідзе Гомельская вобласць і Расія — сем і пяць прадстаўнікоў адпаведна.
З Гродзеншчыны толькі адзін амбасадар — Віталь Прыма. Сваю кар’еру ён пачынаў на барысаўскім заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік», адтуль перайшоў на «БелАЗ». Ужо ў 33 гады стаў намеснікам міністра прамысловасці, а летась быў прызначаны Надзвычайным амбасадарам у Індыі і Шры-Ланцы па сумяшчальніцве.

Спадар Прыма, дарэчы, мае трох дзяцей. Апроч яго шматдзетнымі бацькамі з’яўляюцца толькі паслы Кубы (Уладзімір Астапенка) ды Бельгіі (Андрэй Еўдачэнка). Большасць амбасадараў, як зрэшты, і беларускіх чыноўнікаў мае двух дзяцей. На жаль, афіцыйная біяграфія не паведамляе, як с к лаўся іх лёс. Інфармацыя пра беларускіх амбасадараў выкладзена ў сціслым фармаце на афіцыйных старонках прадстаўніцтваў. Пры гэтым на сайтах амбасадаў Ізраіля, ЗША, Інданэзіі, Арген ці ны, Нігерыі, Швейцарыі і Канады наогул адсутнічае біяграфічная даведка. Онлайн пашукавікі таксама мала што ведаюць пра нашых замежных прадстаўнікоў — амбасадары рэдка даюць інтэрв’ю і не актыўнічаюць у сацыяльных сетках.

Наколькі публічная і самастойная фігура беларускі амбасадар?

Гэта залежыць ад асобы самога амбасадара, мяркуе Яўген Прэйгерман.

— Натуральна, што прадстаўніку ў Еўразвязе, з якім у Беларусі зараз напружаныя адносіны, вельмі складана прысутнічаць у публічным жыцці. Возьмем, напрыклад, Вялікабрытанію, дзе вельмі шмат эмігрантаў з Беларусі, якія могуць задаваць нязручныя пытанні адносна палітыкі і рэжыму Лукашэнкі. З іншага боку, шмат яшчэ залежыць ад жадання самога амбасадара быць на публіцы.

Сярод замежных прадстаўнікоў у Беларусі таксама былі актыўныя — Стэфан Эрыксан са Швецыі, Раман Бяссмертны з Украіны, але нямала і тых, хто не любіць шмат увагі да сваёй персоны.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначае, што выбудоўваць цывілізаваныя адносіны з Захадам беларускім амбасадарам цяжка.

— Справа ў тым, што амбасадар — гэта ўсяго толькі функцыянер, задача якога адстойваць інтарэсы дзяржавы, але пры гэтым адлюстроўваць афіцыйную пазіцыю, — даводзіць эксперт, адзначаючы, што зараз у Беларусі напружаныя адносіны з Еўразвязам. —

Дыпламаты не могуць змяніць сітуацыю карэнным чынам, пакуль не будзе выканана асноўная ўмова — вызваленне палітвязняў. Да гэтага часу нашыя амбасадары проста спрабуюць знаходзіць кампрамісы.

З суседнімі краінамі, з якімі Беларусь мае вялікі таваразварот, амбасадарам часткова ўдаецца дамовіцца.

— Раз-пораз ад літоўскіх і латышскіх чыноўнікаў можна пачуць, што варта адмовіцца ад сакцыяў у адносінах да Беларусі. Калі казаць пра эканамічныя адносіны, то ад амбасадараў вельмі часта патрабуюць, каб яны проста займаліся збытам тавараў, якія ляжаць на беларускіх складах і, па вялікім рахунку, нікому непатрэбныя, — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

ТОP-5 самых вядомых беларускіх амбасадараў

1. Павел Латушка зараз працуе ў Францыі, а дагэтуль уваходзіў у дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Польшчы. Аднак сапраўды публічным чалавекам яго зрабіла пасада міністра культуры.

На яго ўскладвалі спадзяванні па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, папулярызацыі беларускай мовы. І хоць пад кіраўніцтвам Латушкі была перароблена рэканструкцыя Нясвіжскага палацу, сістэмнасці ў аднаўленні помнікаў культуры так і не з’явілася. Інвестары неахвотна адрэагавалі на спіс аб’ектаў, якія прапанавалі набыць за мінімальны кошт з умовай аднаўлення. А мясцовыя чыноўнікі, як і раней, знішчалі помнікі гісторыі і культуры.

Што датычыцца беларускай мовы, то асаблівых зрухаў у гэтым накірунку таксама не назіралася. З аднаго боку, міністр публічна размаўляў па-беларуску (за выключэннем камунікацыі з Лукашэнкам), справаводства Міністэрства культуры перавялі на беларускую мову, але пры гэтым старшыні рэгіянальных упраўленняў культуры дасылалі сваім падначаленым загады аб недапушчальнасці прапаганды беларускай мовы. Пасля трохгадовага перапынку на пасадзе міністра Паўла Латушку ізноў накіравалі на дыпламатычную працу, гэтым разам у Парыж.

2. Сцяпан Сухарэнка працуе на пасадзе амбасадара ў Арменіі ўжо пяты год, але дагэтуль асацыюецца са сваёй папярэдняй працай — ён быў старшынём Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Менавіта пры ягоным кіраўніцтве КДБ пачало займацца забеспячэннем асабістай бяспекі ўладаў. Барацьба з апазіцыяй набыла варожы характар. А заявы пра замежных агентаў і дохлых пацукоў, якімі апазіцыянеры хацелі атруціць каналізацыю Мінска, назаўсёды сталі асацыявацца з асобай Сухарэнкі.

У сілавых органах Сцяпан Мікалаевіч працаваў 23 гады. І хоць паводле першай адукацыі ён хімік-тэхнолаг, у КДБ даслужыўся да генерал-майора.

У 2008 годзе Сухарэнку нечакана прызначылі на пасаду амбасадара ў Арменіі, нягледзячы на крытыку з боку Лукашэнкі падчас яго звальнення з КДБ. Сцяпан Сухарэнка застаецца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд у Еўразвяз, супраць яго таксама дзейнічаюць санкцыі ЗША.

3. Алег Пафёраў — прафесійны вайсковец. Яшчэ за савецкім часам ён скончыў Вайсковую інжынерную радыётэхнічную акадэмію супрацьпаветранай абароны, а таксама Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ. У Беларусі ён узначальваў Вайскова-узброенныя сілы (ВПС) і войскі супрацьпаветранай абароны (СПА). А выйшаўшы на пенсію, стаў намеснікам старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта.

Да дыпламатычнай службы Пафёраў быў галоўным экспертам па знешнеэканамічных пытаннях ЗАТ «Белтэхэкспарт», якое займаецца пастаўкамі зброі і вайсковага абсталявання. Пафёраў стаяў ля вытокаў стварэння СПА ў Венесуэле. А ягонае прызначэнне на пасаду амбасадара ў Венесуэле супала са звальненнем камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі Дзмітрыя Пахмелкіна пасля шведскага «плюшавага дэсанту».

4. Віктар Гайсёнак апошнія пяць год з’яўляецца амбасадарам Беларусі ў Польшчы, ягоны дыпламатычны стаж складае 13 год. Большасць жыцця спадар Гайсёнак займаўся навукай. Па адукацыі ён фізік, прайшоў шлях ад выкладчыка да міністра адукацыі.

У лютым 2012 па рашэнні МЗС амбасадар Гайсёнак быў адкліканы з Варшавы ў адказ на рашэнне Рады ЕЗ аб пашырэнні спісу беларускіх чыноўнікаў, якім закрыты ўезд у Еўрапейскі звяз. Пазней дыпламатычныя адносіны былі ўзноўленыя.

Нядаўна беларускі амбасадар выступіў з крытыкай фільма «Жыве Беларусь». «Гэта спроба пасварыць беларусаў і палякаў. Ніводзін з паказаных у стужцы фрагментаў не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнару», — заявіў Гайсёнак.

5. Міхаіл Хвастоў — кар’ерны дыпламат. Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «міжнароднае права». Апошнія чатыры гады з’яўляецца Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. Дагэтуль працаваў на пасадзе міністра замежных спраў, амбасадарам у ЗША. Неаднаразова заклікаў Еўразвяз і ЗША адмовіцца ад санкцыяў у дачыненні да нашай краіны. На апошнім паседжанні ААН у чарговы раз заявіў, што заўвагі адносна парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі надуманыя, а стаўленне краінаў, якія настойваюць на працягу мандата спецдакладчыка па Беларусі, перадузятае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?