26 жніўня 2007 г., у 70‑ю гадавіну трагічных падзеяў, калі ў мінскай вязніцы НКВД былі расстраляныя апошнія каталіцкія святары Мінска, вернікі ўсіх парафій сталіцы маліліся за ахвяраў рэпрэсій. З гэтай нагоды Апостальскі Адміністратар Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка правёў набажэнствы ў некаторых мінскіх касцёлах, дзе служылі рэпрэсаваныя святары.

У гаміліі біскуп Антоні падкрэсліў вернасць святароў сваім пастырскім абавязкам і заахвоціў вернікаў да яшчэ большай руплівасці ў клопаце пра святыні, дзе служылі Богу і людзям гэтыя мужныя сведкі веры. Сённяшні час, як колішні перыяд ваяўнічага атэізму, таксама нясе небяспеку для веры: маральны рэлятывізм, эгаізм і рэлігійную абыякавасць.

«Прыклад продкаў, якія любоў да Бога і Касцёла пацвердзілі цаною свайго жыцця, няхай дапамагае нашчадкам у развіцці сваёй веры і захаванні духоўных традыцый. Падтрыманне святых месцаў у належным і годным стане няхай будзе знакам удзячнасці святарам тых часоў за ахвярнае служэнне дзеля захавання веры на нашых землях», — адзначыў Апостальскі Адміністратар.

Біскуп Антоні Дзям’янка таксама заахвоціў да малітвы аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, каб і сёння ва ўсіх касцёлах — як адчыненых, так тых, што яшчэ будуюцца, — былі святары, якія, нібы звон на вежы касцёла, будуць абвяшчаць Божую хвалу і весці вернікаў да Хрыста.

Кароткія біяграфічныя звесткі пра святароў, рэпрэсаваных у 1937 г. у мінскай вязніцы НКВД

Станіслаў Райка нарадзіўся ў Стараканстанцінаве Валынскай губерніі ў 1873 г. Духоўную семінарыю скончыў у Жытоміры. Потым вучыўся ў Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, дзе атрымаў тытул магістра тэалогіі. У 1935 г. пачынае працаваць у Беларусі. У 1936 г. быў адміністратарам парафіі св. Барбары ў Віцебску, пазней — парафіі ў Смалянах Аршанскага раёна. Там быў арыштаваны 13 лютага 1937 г. 25 жніўня таго ж года паводле пастановы НКВД быў асуджаны на смерць. Прысуд быў выкананы 27 жніўня 1937 г. у вязніцы НКВД у Мінску.

Пётр Януковіч нарадзіўся 18 кастрычніка 1863г. у вёсцы Дзянісава парафіі Мёры Віленскай дыяцэзіі. Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні распачаў у верасні 1886 г. вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыіі ў Пецярбургу, якую скончыў у 1891 г. Святарскае пасвячэнне атрымаў у Коўне. Належаў да Магілёўскай архідыяцэзіі. У ліпені 1892 г. быў менаваны вікарыем парафіі Люцын Віцебскай губерніі. У маі 1897 г. атрымаў намінацыю на пробашча парафіі Камень Мінскага дэканату. У верасні 1904 г. стаў адміністратарам парафіі Дуброва Аршанскага дэканату. З 5 сакавіка 1909 да красавіка 1911 быў пробашчам і дэканам парафіі ў Быхаве, а затым — пробашчам і дэканам у Нясвіжы. З 9 да 14 верасня 1919 г. быў арыштаваны і асуджаны на прымусовыя працы. Пасля наступнага арышту 9 сакавіка 1923 г. быў асуджаны на 3 гады зняволення. Адбыўшы пакаранне, прыкладна з 1926 па 1934 г., быў адміністратарам парафіі Фашчаўка Магілёўскага дэканату. Апекаваўся таксама парафіяй у Шклве Магілёўскага дэканату. 25 верасня 1937 г. у Фашчаўцы быў зноў арыштаваны і асуджаны на смерць, а праз два дні расстраляны.

Канстанты Андрэкус нарадзіўся ў 1875 г. Належаў да Магілёўскай архідыяцэзіі. Быў выпускніком Мітрапалітальнай семінарыі ў Пецярбургу. З 1906 па 1911 быў адміністратам, а пазней пробашчам парафіі Івандар дэканату Чэрыкаў—Чавусы. Прыкладна з 1911 па 1917 г. працаваў як адміністратар парафіі Лазавіца Клімавіцка—Мсціслаўскага дэканату. З 1924 па 1930 г. быў адміністратарам парафіі ў Гомелі і дэканам Гомельскім. У 1934 г. быў арыштаваны і асуджаны на смерць 25 жніўня 1937 г. Праз два дні быў расстраляны ў вязніцы НКВД у Мінску.

Ян Баравік нарадзіўся ў 1877 г. Належаў да Магілёўскай архідыяцэзіі. Вучыўся ў Магілёўскай мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, а потым у Духоўнай акадэміі і атрымаў ступень кандыдата тэалагічных навук. У 1904—1910 гг. быў спачатку вікарыем (да 1905г.), а потым адміністратарам парафіі Прыдруйск дэканату Дрыса—Себеж. З 1911 г. працаваў як адміністратар парафіі Фашчаўка Магілёўскага дэканату. Пазней працаваў у парафіі Талачын Аршанскага дэканату, а таксама ў парафіі Сенна. У 1933 г. быў менаваны пробашчам мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы і адміністратарам касцёла на кальварыйскіх могілках у Мінску. Быў расстраляны ў Мінску 27 жніўня 1937 г. Кс. Ян Баравік удзяліў сакрамант хросту сённяшняму пробашчу парафіі Узвышэння Св. Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску кс. Альберту Масальскаму.

Пётр Аўгла нарадзіўся 11 мая 1861 г. у вёсцы Унгуры (Літва). У 1882 г. распачаў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, якую скончыў у 1887 г. З 12 кастрычніка 1887 г. да 17 снежня 1896 г. быў вікарыем, а пазней адміністратарам парафіі ў Мсціславе і дэканам Клімавіцка—Мсціслаўскім. З канца 20‑х гадоў быў вікарыем генеральнага апостальскага адміністратара ў Магілёве. З 6 ліпеня 1925 г. выконваў функцыі адміністратара парафіі св. Барбары і дэкана Віцебскага. Тут быў чарговы раз арыштаваны. Вызвалены праз 6 месяцаў, пад прымусам з боку ГПУ прыбыў у Магілёў і заняў пасаду пробашча катэдральнай парафіі. Пасля арышту ў капліцы на могілках у Магілёве 13 чэрвеня1937 г. быў асуджаны на смерць і расстраляны.

Catholic.By

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0