Гаспадарчы суд Мінска 14 чэрвеня прыпыніў сваю пастанову аб распачынанні выканаўчага судаводства ў дачыненні да рэлігійнай абшчыны хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё», згодна з якой суполцы прапанавалася да 20 чэрвеня вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72, у Мінску,
паведаміў юрыст «Новага жыцця» Сяргей Луканін.

Паводле яго слоў, раніцай 14 чэрвеня яму патэлефанавалі з гаспадарчага суда Мінска і прапанавалі пасля абеду забраць пастанову аб прыпыненні судовага рашэння. «Такім чынам, суд чарговым разам адмовіўся ад намеру забраць наш будынак», — адзначыў Луканін.

У той жа час адносна стабілізаваўся стан здароўя пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі, шпіталізаванага 13 чэрвеня яшчэ да атрымання пастановы суда.
Працэдура магнітна-рэзананснай тамаграфіі выявіла ў яго ішэмічны мікраінсульт (магчыма, інсульт), быў таксама выяўлены тромб у сасудзе галаўнога мозгу ў неаперабельным месцы.

«Цяпер мы атрымалі інфармацыю, што ў нашага пастара поўнасцю аднавіліся зрокавыя функцыі і стала зразумелым маўленне. Ён можа самастойна перамяшчацца па палаце, хаця і застаецца ў рэанімацыі. Найбліжэйшым часам яму патрэбны поўны спакой», — расказаў Луканін.

Медыкі плануюць выдаліць тромб хімічным шляхам — спецыяльнымі прэпаратамі.

Нагадаем, 13 чэрвеня Луканін атрымаў судовую пастанову аб распачынанні выканаўчага судаводства ў дачыненні да царквы, якая была прынята на падставе заявы ўласніка будынка — ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска. Пастанова прадпісвала абшчыне вызваліць будынак на працягу тыдня.

Прыхаджане адмовіліся пакідаць будынак і пачалі кругласутачнае дзяжурства і штодзённую малітву за здароўе пастара Ганчарэнкі і захаванне будынка.

Выселіць «Новае жыццё» з будынка, які быў узведзены прыхаджанамі на іх сродкі на месцы разбуранага кароўніка 21 год таму, гарвыканкам спрабуе ўжо восем гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?