Фота www.slubice24.pl.

Фота www.slubice24.pl.

На гэтым здымку Вераніцы Себасцяновіч 25 гадоў. За спінай у яе чатыры гады сталінскіх лагераў. Фота з прыватнага архіва.

На гэтым здымку Вераніцы Себасцяновіч 25 гадоў. За спінай у яе чатыры гады сталінскіх лагераў. Фота з прыватнага архіва.

19 чэрвеня ў Шчучыне будзе суд над 82-гадовай Веранікай Себасцяновіч. Жанчына абвінавачваецца ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства — устаноўцы крыжа па камандзіру Арміі Краёвай. «Наша Ніва» пагутарыла са спн. Себасцяновіч.

«Мне 82 гады, і мяне судзяць за нешта. Я не ведаю нават, за што… Што я арганізавала гэтых людзей. Няўжо я магу сабраць людзей? Мы наогул не ведалі, што людзі прыйдуць. Людзі даведаліся, што будзе малітва, што будзем асвячаць крыж, і папрыходзілі. А пры чым тут я?» — дзівіцца жанчына.

Вераніка Себасцяновіч была сувязной Арміі Краёвай пад псеўданімам «Ружачка». За гэта яе, 20-гадовую, арыштавалі ў 1951-м і асудзілі на бясконцыя 25 гадоў. У выніку яна правяла ў савецкім канцлагеры чатыры гады і выйшла на свабоду пасля смерці Сталіна.

На Гродзеншчыне жывуць каля 70 чалавек, якія так ці іначай былі звязаныя з Арміяй Краёвай. Тыя з іх, што «на хаду», як кажа жанчына, прыехалі на ўсталяванне крыжа.

Вераніка жыве ў горадзе Скідаль, а крыж знаходзіцца ў вёсцы Рачкаўшчына Шчучынскага раёна. Менавіта там загінуў у 1949 годзе палявы камандзір Арміі Краёвай Анатоль Радзівонік, вядомы пад сваёй падпольнай мянушкай «Олех», і яшчэ 11 партызан.

Людзі вакол спн. Себасцяновіч здзіўленыя, што іх старэнькую суседку будуць судзіць: «Я камусьці сказала — здзіўленыя, канечне, што мяне ў такім узросце прыцягваюць за крыж. А за крыж я жыццё аддам. Я верыла, і веру. І для мяне гэта найважнейшае — Бог і крыж».

Армія Краёва — польскае ўзброенае падполле — вяла партызанскую вайну супраць саветаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны час належала Польшчы.
У гады вайны і пасля яе АКоўцы здзяйснялі таксама акты тэрору супраць беларускіх актывістаў і праваслаўнага насельніцтва. Для ўладаў РБ Армія Краёва застаецца табу, бо яна змагалася супраць савецкай улады. У Польшчы ветэраны АК лічацца героямі.

Дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі ацэньваецца неадназначна. Навошта ў такой сітуацыі ставіць помнікі яе ветэранам, ці не падзеліць гэта людзей?

«Я лічу так: чалавек, які нарадзіўся і памёр, мае права на пасмяротны крыж, — кажа 82-гадовая жанчына. — Гэта была вайна. Невядома, хто правы, хто вінаваты. А чалавек мясцовы. Тут нарадзіўся, тут вырас. Мне здаецца, аніякага злачынства тут няма», — адказала жанчына.

* * *

Іншае меркаванне. Анатоль Сідарэвіч: Нельга забываць пра злачынствы АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?