Віцебскі абласны суд, дзе праходзіць слуханне крымінальнай справы Андрэя Гайдукова, дазволіў яго маці выступіць у якасці сведкі.
Пра гэта паведаміла віцебская праваабаронца Таццяна Севярынец, якая сочыць за ходам працэсу.

Закрыты суд над 23-гадовым Гайдуковым, абвінавачаным у здрадзе дзяржаве, пачаўся 12 чэрвеня. Як вынікае з раскладу, вывешанага ў будынку суда, слуханні працягнуцца як мінімум да канца гэтага тыдня, паведаміла Севярынец.

«Я раніцай сустрэлася з адвакатам. Ён кажа, што, мяркуючы па тым, як ідзе працэс, не выключана, што пасяджэнні могуць атрымаць працяг і на наступным тыдні», — сказала праваабаронца.

Адвакат таксама паведаміў, што задаволена хадайніцтва абароны аб прыцягненні да працэсу ў якасці сведкі маці Гайдукова. «Ёй дазволілі выступіць як сведцы, але калі яе выклічуць у суд, пакуль не вядома. Для яе гэта будзе хоць нейкая магчымасць убачыць сына», — адзначыла Севярынец.

Яна нагадала, што 14 чэрвеня Вольга Гайдукова напісала заяву на імя старшыні Віцебскага абласнога суда з просьбай дазволіць спатканне з сынам, але адказ пакуль не атрыманы.

***

    Аператар наваполацкага НПЗ «Нафтан» Андрэй Гайдукоў, лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» і актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», быў затрыманы 8 лістапада 2012 года. Паводле версіі следства — «у момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы». Пасля затрымання яго перавялі ў следчы ізалятар КДБ у Мінск. Потым маладога чалавека неаднаразова перавозілі з Мінска ў Віцебск і назад. На падставе артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці) Гайдукову пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
    На думку прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў, прычынай затрымання Гайдукова стала яго актыўная грамадская дзейнасць. Напярэдадні пачатку працэсу праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскасці звярталіся да ўлад з просьбай зрабіць судовы працэс адкрытым, аднак іх просьба не была пачутая.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?