Цікава, пра што вы падумалі, прачытаўшы загаловак? (Як у старым анэкдоце пра Сталіна: "…А ви кого имели в виду, товарищ Поскребышев?").

Я ж маю на ўвазе ўсяго толькі хуткае сьвята блогераў.

Кладучы руку на сэрца, пакуль не патэлефанавалі з Варшавы, дык і сам ня ведаў, што 31 жніўня — адметная для блогераў дата. Варта падзякаваць беларускай службе Польскага радыё для замежжа і за тое, што ў выніку файна прапіярыла фірмавыя блогі сайту "НН"!

Мой жа далейшы пошук засьведчыў, што блогеры пасьпелі напладзіць розных датаў. Так, хто-кольвек сьвяткуе Міжнародны дзень блогера 14 чэрвеня. А што да сьвята 31 жніўня, то ў перакладзе з ангельскай гэта гучыць хутчэй як Дзень блогу. І ягоная фішка — супольная прамоцыя жанру. Кожны блогер мусіць у гэты дзень апублікаваць пяць спасылак на іншыя, пажадана не падобныя на ягоны, блогі.

Прапаную пасьлязаўтра разам зрабіць такі сьпіс (можна і даўжэйшы, кашу алеем не сапсуеш:)

Што ж да розных датаў, дык, лічу, гэта не прынцыпова. У добрага блогера ягоны дзень — у сэнсе чарговага постынгу — мусіць быць штодня.

ЗЫ. Таксама выпадкова даведаўся: расейцы ламаюць дзіды ў спрэчцы, як пісаць — "блоггинг" або "блогинг". Нам няма патрэбы біцца за пусты мех:) Адразу адчуваеш перавагу матчынай мовы зь ейным артаэпічным прынцыпам. Хай сабе айчынная благасфэра і не такая вялікая, затое ў нашым блогінгу паводле змаўчаньня меней "г":)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?