— Я жыву за два прыпынкі ад гэтай будоўлі, — расказвае Валерый, жыхар Малінаўкі. — Я неяк ішоў вясной, а тут ужо абгарадзілі пляцоўку. Пачаў шукаць пашпарт аб’екта, а яго няма. Тады падышоў, відаць, да начальніка і запытаўся, што тут будзе. Але ён мне нагрубіў:
«Што трэба, тое і будзе. А пашпарт з’явіцца, калі пачнём будаваць. І можаце нікуды не пісаць скаргі, усё адно пабудуем».
Валерыя абурыла такое стаўленне. Ён пазваніў у адміністрацыю раёна, каб пацікавіцца, што ўсё-ткі тут з’явіцца. Але там папрасілі пазней ператэлефанаваць. А затым і зусім не адказвалі.
— Вось і казіно адчынілі, — паказвае на клуб гульнявых аўтаматаў, што працуюе пад адным дахам з універсамам «Рублёўскі». І акурат насупраць будуецца новы гандёлвы цэнтр.
На агароджы ўжо вісіць пашпарт аб’екта. З’явіўся, напэўна, пасля таго, як жыхары бліжэйшых дамоў пачалі скардзіцца ў адміністрацыю раёна.
— З крамамі тут праблем няма, — працягвае Валерый. — А вось каб пабудавалі яшчэ басейн, а то адзін на ўвесь раён.
Калі Валерыю не надта замінае новая будоўля, то жыхары бліжэйшых дамоў па вуліцы Рафіева не ў захапленні ад гэтага. Раней можна было прайсціся тут, выгуляць сабаку. І рашэнне прынялі без грамадскіх абмеркаванняў.
Будоўля падступае пад самыя вокны.
Від на прыбіральню таксама не радуе жыхароў дома 66 па вул.Рафіева.
— Малінаўка і так суцэльна забудаваная. Навошта нас пазбаўляць яшчэ аднаго кавалка зялёнай зоны?
— абураецца Таццяна, жыхарка суседняга дома. — Не патрэбны гэты гандлёвы цэнтр. Тут жа па розныя бакі дарогі «Рублёвскій» і рынак MAXIMUS, недалёка, на Рафіева,56 адчыніўся супермаркет «Віталюр». Хіба хлеба няма дзе купіць?
Таццяна кажа, што ў новым цэнтры будзе супермаркет «Соседі», крама «Электрасіла», дзіцячы забаўляльны цэнтр, цырульня. А грамадскія абмеркаванні не праводзіліся, бо, як адказалі на зварот з адміністрацыі Маскоўскага раёна, яны і не павінны праводзіцца. Паколькі маецца горадабудаўнічы праект дэтальнага планавання. А прадуктовая крама на гэтым скрыжаванні была запланавана яшчэ ў 2007 годзе.
— Яны забралі кавалак зямлі і проста пад носам у людзей будуюць. А пасля ж яшчэ і задні двор супермаркета будзе выходзіць на дамы: а гэты пастаянны шум. Збіралі подпісы пад калектыўным зваротам. Толькі ці прыслухаюцца да нас у высокіх кабінетах? Лепш бы зрабілі паркоўку, — абураецца жанчына. Мы стаім на тратуары, а побач прыпаркаваныя аўто. — А вы паглядзіце ўвечары, як застаўлена Рафіева ўздоўж — ніводнага вольнага месца.
Нехта ж не бачыць праблемы. Маўляў,
лепш двухпавярховы гандлёвы цэнтр, чым 12-павярховы дом — «вокны ў вокны».
Дарэчы, за якія 50 метраў ад гэтай знаходзіцца іншая будоўля — сюды з Нямігі пераносяць павільён «Хуткае харчаванне». Праўда, дата заканчэння працы пазначана красавіком. А цяпер ужо чэрвень. І акрамя катлавана і складзеных дошак нічога не ўказвае на нейкую працу.