Журналісты ўбачылі карціну раней і падзяліліся ўражаннямі.

Фільм зняты паводле аднайменнага рамана Макса Брукса і ў арыгінале называецца «Сусветная вайна Z». Сюжэт вельмі просты і нават кананічны. На зямлі ў геаметрычнай прагрэсіі распаўсюджваецца невядомы вірус, людзі ператвараюцца ў зомбі і пачынаюць забіваць усё жывое. У свеце пануе хаос — здаецца, не засталося на планеце месца, дзе можна адчуць сябе ў бяспецы. Хіба што ў адкрытым моры… Галоўны герой Джэры Лэйн, якога грае Брэд Піт, — следчы ААН у адстаўцы. Зразумела, паводле законаў жанру, менавіта яму даверана знайсці супрацьяддзе і выратаваць чалавецтва ад гібелі.

«Бесперапынны экшн не дае расслабіцца і пастаянна трымае ў напружанні. Рэжысёру ўдалося пазбегнуць зацягнутасці, якой цяпер грашаць многія стужкі. Карціна пачынаецца як дзясяткі іншых фільмаў-катастроф: дом у прыгарадзе, раніца, ідэальная амерыканская сям’я — мама, тата і дзве прыгажуні дачкі снедаюць і міла балбочуць ні пра што. Як той казаў, нішто не прадвяшчае бяды. Але рэжысёр не стаў цягнуць гуму, і ўжо з наступнай сцэны пераходзіць да справы: вуліцы ахопленыя панікай, людзі спрабуюць выратавацца ад бязлітасных зомбі.

Усе гэтыя мілыя штампы такіх жанраў накшталт героя-астматыка без інгалятара або заскоквання ў транспартны сродак, калі злыдзень ужо амаль учапіўся ў нагу, невядома чаму зусім не раздражняюць, а самалёт з надпісам Belarus Airlines, які ратуе Джэры ад немінучай гібелі, увогуле прымушае залу ўзарвацца апладысментамі», — піша ў рэцэнзіі да карціны партал «Вокруг ТВ».

Прэм’ера фільма ў Мінску адбудзецца 27 чэрвеня. Яго можна будзе ўбачыць у кінатэатрах «Мір», «Бярэсце», «Цэнтральны» і «Салют».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?