У гарадзенскіх школах сёлета зноў ня будзе ніводнай беларускамоўнай клясы. Залічэньне першаклясьнікаў скончылася 20 жніўня, але гарадзкія школы дачакаліся ад бацькоў толькі адной заявы на беларускамоўнае навучаньне.

Аднак актывісты гарадзенскага Руху За свабоду, якія два месяцы ладзілі інфармацыйную кампанію «Запішы дзіця ў беларускую клясу», ня лічаць гэта сваёй паразай. «Безумоўна, мы былі б вельмі ўсьцешаныя, калі б бацькі панесьлі заявы на беларускамоўнае навучаньне дзяцей. Але гэта быў бы цуд, пры той моўнай палітыцы, якую вядуць мясцовыя ўлады, — гаворыць Павал Мажэйка, сябра Рады Руху За свабоду. — Мы ставім на пэрспэктыву. І важны якраз гэты першы этап — актыўна інфармаваць бацькоў пра магчымасьць адукацыі на роднай мове, візуалізацыя і фармаваньне іміджу беларускай мовы, як добрай інвэстыцыі ў будучыню іх нашчадкаў».

Спуск на тармазах

Яшчэ ў траўні гарадзенская Рада Таварыства беларускай мовы дамовілася з гарадзкім аддзелам адукацыі пра стварэньне беларускамоўных першых клясаў у гімназіях №№4, 6, 7, школах №№10, 26, 32.

Аднак ужо праз пару тыдняў ТБМ «забіла ў званы»: ні адміністрацыя школаў, ні чыноўнікі ад адукацыі не праводзяць ніякай інфармацыйнай кампаніі. Незалежная гарадзкая газэта «Ведамасьці» вяла сталы маніторынг сытуацыі, і высьветліла: кіраўнікі многіх школаў нават ня ведалі, што іх установы вызначаныя для стварэньня беларускамоўных клясаў. «Не‑не, гэта ня ў нас! — пераконвала журналістаў намесніца дырэктара СШ №26, апошняй у свой час беларускай школы ў горадзе. — У нас ужо гадоў пяць у беларускамоўныя клясы заяваў ня пішуць!» У лепшым выпадку школы разьмяшчалі невялічкую аб’яву пра магчымасьць беларускамоўнага навучаньня на дошцы інфармацыі. Большасьць школьных функцыянэраў спасылаліся на тое, што ў заяве на залічэньне ў першую клясу ёсьць пункт пра мову навучаньня і «гэтага дастаткова».

Да фармаваньня беларускіх клясаў больш‑менш адказна паставілася толькі школа №32. Кіраўніцтва школы наведвала бацькоўскія сходы ў выпускных групах дзіцячых садкоў, размясьціла аб’яву ў гарадзкой газэце. Дый абвестка на дошцы інфармацыі была зробленая відавочна не «абы з рук» — заўважная, вялікі аркуш і тлусты шрыфт.

Менавіта ў гэтую школу і была пададзеная адзіная ў горадзе заява на беларускамоўнае навучаньне. Аднак гэты першаклясьнік будзе вучыцца ў расейскай клясе, бо ён так і застаўся адзіным.

«Мы нікога не зьбіраемся ўгаворваць!»

На працягу ліпеня‑жніўня ў мікрараёнах вызначаных школаў рэгулярна зьяўляліся каляровыя абвесткі гара¬дзенскага Руху За свабоду «Запішы дзіця ў беларускую клясу».

«Беларуская мова — гэта мова эліты. Беларуская мова — гэта мова будучыні» — гэтыя тэзісы аўтары пацьвярджалі аргумэнтамі: «Самая дарагая рэкляма на беларускім рынку робіц¬ца па‑беларуску. Сапраўдны рок у Беларусі — беларускамоўны. Павялічваецца колькасьць выпускнікоў, якія здюць цэнтралізаванае тэставаньне па‑беларуску. У замежных ВНУ павялічваецца набор студэнтаў на вывучэньне беларускай мовы».

«Выбар беларускамоўнай клясы для дзіцяці — гэта сьвядомы выбар з боку бацькоў. Мы нікога не зьбіраемся ўгаворваць! — кажа Павал Мажэйка. — Пры сёньняшнім стаўленьні ўладаў да беларускасьці навучаньне ў беларускамоўным садку не гарантуе таго, што дзіця зможа працягнуць адукацыю па‑беларуску ў школе, а тым больш не гарантуе беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Можна казаць, што, аддаючы дзяцей у беларускую клясу, бацькі цяпер пагаджаюцца на купу праблемаў. Таму мы ставім задачай паказаць, што сёньняшняя моўная сытуацыя ў краіне — часовая, і добрае валоданьне беларускай мовай будзе несумненнай перавагай для кожнага, хто будзе тут жыць і працаваць».

Гарадзенскі Рух За свабоду распрацаваў шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі ня толькі мовы, але і ў цэлым беларускай культуры. Цалкам верагодна, што ўжо налета ў Горадні набяруцца тыя самыя дзесяць заяваў на беларускамоўнае навучаньне, якіх дастаткова для стварэньня асобнай клясы.

Бацькі робяць працу чыноўнікаў

Але відавочна галоўныя праблемы ў стварэньні беларускамоўнай клясы з гэтага толькі пачнуцца. Гэта пацьвярджае досьвед ініцыятыўных бацькоў, што ўжо год дамагаюцца ў горадзе стварэньня беларускамоўнага садку.

Іх знайшлося якраз 10 трохгодак — столькі патрэбна для стварэньня асобнай беларускамоўнай групы. Але паводле словаў аднаго з бацькоў, гара¬дзенскага юрыста Ігара Кузьмініча, гарадзкое ўпраўленьне адукацыі заявіла, што няма падрыхтаваных выхавацеляў, няма вольнага садку, няма рэсурсаў.

«Садок патрэбны ня дзеля таго, каб дзеці проста вывучалі беларускую мову. Па‑першае, гэта стварэньне для іх беларускамоўнага сацыяльнага асяродзьдзя. А па‑другое: якасьць іх выхаваньня павінна быць вельмі высокай. Бо да іх і патрабаваньні будуць вышэйшыя, чым да іншых дзяцей, яны ж будуць вылучацца з агульнай масы. І вылучацца яны павінныя ў лепшы бок».

Цяпер бацькі робяць працу чыноўнікаў, шукаюць пералічаныя «няма» — прычым зусім без гарантыі, што іх высілкі ня будуць марнымі, напрыклад, што ўпраўленьне адукацыі прыме на працу прапанаваную бацькамі выхавацельку.

Немалаважнае для бацькоў месцазнаходжаньне іх будучага садку: ён павінен быць недалёка ад той школы, у якой урэшце будзе створаная першая ў Горадні беларускамоўная кляса.

Раман Суліма, Гародня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0