Карэспандэнт «НН» праходзіў ЦТ у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
З 1 200 абітыентаў, што зарэгістраваліся ў ім, толькі 185 (альбо 15%) здавалі прадмет па-беларуску.
Хаця менавіта па гісторыі Беларусі доля беларускамоўных найбольшая.
Што ж пыталіся (фармулёўкі могуць нязначна адрознівацца):
Пры кім ВКЛ было найбольшым па тэрыторыі? Калі былі напісаныя «Слова пра паход Ігаравы» і Лаўрышаўскае Евангелле? Хто аўтар «Трэнаса»?
Што спрыяла хутчэйшаму аб’яднанню беларусаў і літоўцаў у адзіную дзяржаву ў ХІІІ ст.: татара-мангольскія і крыжацкія напады альбо войны з Масквой?
З якой мэтай быў створаны Літ-Бел? Для чаго праводзілася палітыка НЭПа?
Якія мовы былі дзяржаўнымі ў БССР у 1920-х? Беларуская, руская, польская і… літоўская, яўрэйская ці нямецкая — на выбар.
За што выступала Беларуская сялянска-работніцкая грамада? Што азначаюць паняцці акупацыя і мілітарызацыя?
Чым вылучаецца грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1960-х — пачатку 1980-х? А) развіццём нацыянальнага руху; б) фарміраваннем шматпартыйнасці; в) адкрытай сістэмай крытыкі ідэй сацыялізму; г) выцясненнем беларускай мовы з палітычнай сістэмы.
Хто прадаўжальнік традыцый Ігната Буйніцкага? Хто напісаў такія творы, як «Сотнікаў», «Знак бяды», «Пайсці і не вярнуцца», чые кнігі перакладзеныя на 35 моў?
Чым вызначалася «перабудова»?
У якім горадзе знаходзіцца Палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў?
Калі была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР?
У цэлым, тэсты не былі складанымі. І калі рыхтавацца да іх хаця б па школьным падручніку, а не проста адказваць на пытанні ЦТ папярэдніх гадоў, то можна без праблем набраць 60 балаў і вышэй. Частка пытанняў была звязана не з канкрэтнай датай альбо імем, а менавіта з прыкметамі той ці іншай падзеі.
Якія пытанні былі складанымі для Вас, чытачы?