Навошта Еўропе працягваць «Дыялог аб мадэрнізацыі», ад якога беларускія ўлады адмахваюцца? Ці ўдасца Аляксандру Лукашэнку свая, аўтарытарная мадэрнізацыя па ўзоры азіяцкіх «тыграў»? А хіба рэальна, каб Масква адпусціла Беларусь у Еўропу?

Над гэтымі і іншымі пытаннямі ў інтэрв’ю БелаПАН разважае аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў (Варшава), спецыяліст па Беларусі Каміль Клысіньскі.

Каміль Клысінскі

Каміль Клысінскі

— Спадар Клысіньскі, зараз Еўрапейскі саюз аб’яўляе чарговы этап «Дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю» пры тым, што беларускія ўлады ў прапанаваным фармаце дыялог весці відавочна не хочуць. Для іх тыя, хто па другі бок, — пятая калона. Нават калі гаворка ідзе не аб палітычнай апазіцыі, а аб экспертах з грамадзянскай супольнасці. Для ўладаў гэта ўсё роўна нейкія ворагі, сядаць з імі за адзін стол — ніжэй годнасці. Так ці ёсць сэнс, шанец у новага этапу, ці гэта проста спроба прадэманстраваць, што Брусель хоць неяк займаецца беларускім пытаннем?

— На жаль, сёння еўрапейская рука павісае ў паветры. І тут, з аднаго боку, Еўропе важна не здаваць пазіцый, а з другога — ці варта ўлічваць спецыфіку беларускай сітуацыі.

Варыянт я бачу ў тым, — але гэта выключна маё асабістае меркаванне — каб падзяляць сустрэчы з уладамі і сустрэчы з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. Нельга чакаць, што беларускія ўлады за адну ноч даспеюць, каб сустрэцца з гэтымі групамі. Працэс дыялогу трэба арганізаваць у двух сферах, на двух узроўнях. Прычым абодва ўзроўнію павінны мець аднолькавае значэнне. Варта патроху прывучаць беларускія ўлады да думкі, што перыядычна і апазіцыя становіцца уладай.

— Вось калі гэта сказаць, то ўлады дакладна удзельнічаць не будуць… Беларускае кіраўніцтва проста трасе і клініць пры думцы, што калісьці прыйдзецца саступаць месца.

— Я не пра тое, каб палохаць афіцыйны Мінск, але ў праграме павінны быць дакладна расстаўленыя акцэнты: ЕС вядзе дыялог з усімі групамі беларускага грамадства, нікога не дыскрымінуючы і не адкідваючы.

— Але тут узнікае пытанне: а што такое беларускае грамадства? Асноўная маса апатычная, трэці сектар мае праблемы з кансалідацыяй, у палітычнай апазіцыі наогул кожны цягне коўдру на сябе. Некаторым з гэтага лагера самім цяжка сесці за адзін стол, такая моцная ўзаемная непрыязнасць. Як быць, калі суб’екты дыялогу ў напаўразабраным стане? Зразумела, аўтарытарны рэжым аслабляе гэтыя структуры мэтанакіравана, не дазваляе стаць моцнымі, але ж без дастаткова кандыцыйнай грамадзянскай супольнасці ўвесь гэты дыялог не мае вялікага сэнсу. Зачараванае кола?

— Такія праблемы таксама не за адну ноч вырашаюцца. Маё асабістае меркаванне: не варта падтрымліваць, у тым ліку і фінансава, арганізацыі і людзей, якія не ў стане дамаўляцца. Я не прыхільнік штучнага аб’яднання, напрыклад, усіх апазіцыйных сіл. Але трэба заахвочваць захаванне культуры дыялогу, супрацоўніцтва. Калі некаторыя ўбачаць, што не могуць разлічваць у Еўропе на шырокую падтрымку з-за сваіх канфліктных паводзін, то, магчыма, зробяць высновы.

— Нядаўна на прэс-канферэнцыі ў Мінску расійскі пасол Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Масква — за паляпшэнне адносін Беларусі з ЕС. Але памятаю, калі Беларусь у перыяд адлігі ў адносінах з Захадам ўключылася ў «Усходняе партнёрства», Масква рэагавала даволі нервова, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў каментаваў гэта з дрэнна ўтоенымі ноткамі рэўнасці. Наколькі, на ваш погляд, шчыры зараз Сурыкаў? Наколькі моцны наогул расійскі фактар у адносінах паміж Беларуссю і ЕС? Ці не выглядае сітуацыя так, што Расія, груба кажучы, проста ніколі не адпусціць Беларусь у Еўропу?

— А.Сурыкаў быў збольшага шчыры, але як дыпламат гаварыў не ўсё. Крэмль адчувае, што Беларусі сёння няма куды дзявацца, перспектыва гэтага дыялогу Мінска з ЕС настолькі далёкая, што не варта нервавацца. Я не бачу вялікіх шанцаў, каб усе беларускія палітвязні выйшлі да канца года.

Далей, мы не бачым з боку ўладаў хоць бы жадання змяніць палітыку ў адносінах да апанентаў, паўнавартасна ўдзельнічаць у тым жа «Дыялогу аб мадэрнізацыі». Будзе цікава паглядзець, як Мінск адрэагуе на верагодны іншы фармат гэтай ініцыятывы.

— Але ў пачатку года беларускі МЗС у сваім неафіцыйным лісце як раз і прапаноўваў іншы фармат ЕДМ.

— Той фармат быў бы занадта вялікай саступкай беларускім уладам. Ён, па сутнасці, адсякае грамадзянскую супольнасць і тым больш апазіцыю.

— Вернемся да ролі Расіі. Зараз мы бачым, як Крэмль актыўна спрабуе ўтрымаць Украіну ад падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Гэта можна экстрапаляваць і на верагодную беларускую перспектыву?

— Украіна не ўвайшла ў Мытны саюз, не зайшла так далёка ў дагаворах з Масквой, у Кіева больш прасторы для манеўру. Гэта зусім розныя ступені выбару.

— Зараз мантра, ідэфікс Лукашэнкі — мадэрнізацыя. Над ім смяюцца: маўляў, прымітыўна разумее — сцены пафарбаваць ды новыя станкі паставіць. Але ж і азіяцкія «тыгры» пачыналі з аўтарытарнай мадэрнізацыі, а потым ужо ўтвараўся сярэдні клас, які патрабаваў для сябе больш правоў і гэтак далей. Можа, і ў Лукашэнкі адсоткаў на 80 атрымаецца аўтарытарная мадэрнізацыя, калі ўлічыць яго моцную волю, дысцыплінаванасць і страх наменклатуры?

— Каб аўтарытарная мадэрнізацыя ўдалася, трэба адкручваць гайкі хаця б у эканоміцы. Нават у Кітаі змяніліся спосабы кіравання на прадпрыемствах, іншым стала якасць менеджменту. А ўзровень менеджэраў на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах невысокі, Лукашэнка ўсяляк абмяжоўвае іх самастойнасць. Як ён рэагуе зараз на рэкордныя складскія запасы? Загадвае прадаваць тэхніку сялу па заніжаных цэнах, асабіста міністраў прызначае адказнымі за прасоўванне прадукцыі на тыя ці іншыя рынкі.

Такое ручное кіраванне, можа быць, добра ўспрымаецца некаторымі грамадзянамі па тэлебачанні, але ў сучасным свеце ўжо зусім не дзейнічае ў эканоміцы.

Той выгляд мадэрнізацыі, які навязвае Лукашэнка, небяспечны: расце інвестыцыйны імпарт, але кіраванне, эканамічная палітыка не мяняюцца, гэта значыць расходы павялічваюцца, а аддачы не відаць.

— Але затое ёсць Расія! Яна хоць і прыціскае беларускага партнёра, аднак у канчатковым рахунку заўсёды падстаўляе яму плячо, так як не зацікаўленая, каб у Беларусі паўстаў хаос з непрадказальнымі наступствамі. З іншага боку, расійская падкормка кансервуе сітуацыю. Як вы лічыце, сапраўды няма ніякіх шанцаў на тое, каб у агляднай перспектыве Беларусь выйшла на еўрапейскі вектар развіцця?

— Пры Лукашэнку найбольш верагодны паступовы продаж ключавых прадпрыемстваў Расіі, каб падтрымліваць на плыву неэфектыўную, энергазатратную эканоміку. Гэта будзе звужаць суверэнітэт.

Пры гэтым будзе адбывацца некаторая мадэрнізацыя ў кіраўнічым звяне пад уплывам Расіі. Напрыклад, на прадпрыемстве «Газпром трансгаз Беларусь» — гэта былы «Белтрансгаз», прададзены Маскве, — укараняюцца расійскія прыёмы, стандарты кіравання, якія ўсё ж лепей беларускіх, больш прыстасаваныя да выклікаў глабальнай эканомікі. Хоць гэта далёка не тое, што можа прапанаваць Еўрасаюз і Захад у цэлым. У палітычнай жа сферы будзе падтрымлівацца аўтарытарны рэжым, які, з асобнымі агаворкамі, выгадны Маскве.

— Гэта значыць, па-вашаму, пры Лукашэнку перспектыва спаўзання Беларусі ўсё глыбей у расійскую сферу ўплыву фатальная?

— Усё, што можа Захад, — гэта арганізоўваць як мага больш праектаў з грамадзянскай супольнасцю, падтрымліваць апазіцыю, павялічваць у грамадстве долю праеўрапейску настроеных людзей. З уладай трэба кантактаваць, але надзеі яе перавыхаваць наіўныя.

— А можа, у Еўропы проста няма драйву, каб увязацца ў моцную геапалітычную гульню, паспрабаваць перацягнуць Беларусь у сваю арбіту?

— Гэтага ўжо няма. Магчыма, такі настрой быў у 2008 годзе, пасля грузінскай вайны. Сёння Еўропа не будзе любой цаной, за вушы выцягваць беларускія ўлады з абдымкаў Масквы. Але нават «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» шырэй адчыняе акно магчымасцяў для грамадзянскай супольнасці. А падзеі могуць часам развівацца непрадказальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?