21 чэрвеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці атрымаў аўдыенцыю ў Яго Святасці папы Францішка.
Раней магчымасць сустрэцца з Папам меў таксама сакратар Апостальскай Нунцыятуры мансіньёр Філіпа Чампанэлі.
Апостальскі Нунцый перадаў Папу прывітанні ад кіраўніцтва Беларусі і беларускага народа.

Папа Францішак выявіў глыбокія і актуальныя веды адносна рэлігійнай, палітычнай, культурнай і сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі.

Пантыфік папрасіў перадаць яго салідарнасць і вялікую сімпатыю да Беларусі, асабліва да тых, хто пакутуе, а таксама выказаў надзею на тое, што з дапамогай Святога Пасаду адносіны краіны з Захадам будуць паляпшацца шляхам павагі, дыялога і ўзаемаразумення.
Папа зазначыў, што вельмі рады выказаць сваю салідарнасць з Беларуссю праз жэст асаблівай увагі, якога вельмі прагнуў: блізкі візіт Яго Эмінэнцыі кардынала Жана-Луі Тарана, якога Святы Айцец пажадаў прызначыць сваім Надзвычайным Пасланнікам на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе. Пантыфік паабяцаў, што будзе маліцца аб паспяховым выкананні місіі кардынала. Яго Святасць даў сваё благаслаўленне дарагім католікам Беларусі, якіх ён ведае як адданых, верных і поўных энтузіязму дзяцей Каталіцкага Касцёла, пасля вялікіх выпрабаванняў мінуўшчыны.
Папа папрасіў таксама перадаць прывітанні ўсім беларусам, а асабліва братам Праваслаўнай Царквы.

На аўдыенцыі прысутнічаў і Яго Эмінэнцыя кардынал Тарчызіа Бэртонэ, дзяржаўны сакратар, які ўзгадаў пра свой візіт у Беларусь і пацвердзіў лінію Святога Пасаду, якая была прадэманстравана падчас візіту.

24 чэрвеня арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці сустрэўся з кардыналам Таранам, з якім доўга размаўляў пра Беларусь і абмяркоўваў дэталі яго візіту ў краіну. Ад імя беларусаў Апостальскі Нунцый павіншаваў кардынала з імянінамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?