У Беларусі распрацоўваюцца два законапраекты па абароне аўтарскіх правоў у інтэрнэце. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня ў Мінску паведаміў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, член Кансультатыўнага камітэта ЕЭК па інтэлектуальнай уласнасці ад Беларусі Дзяніс Нядвецкі.

Паводле яго слоў, першы праект тычыцца змянення заканадаўства ў галіне натарыяльнай дзейнасці. «Змяненні гэтага заканадаўства дазволяць уладальнікам аўтарскіх правоў прасцей замацоўваць факт парушэння сваіх правоў і даказваць гэтыя парушэнні ў судзе, патрабаваць кампенсацыі», — паведаміў ён.
Другі законапраект унясе дапаўненні ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы «з мэтай увядзення больш дакладных фармулёвак, што дазволіць больш адэкватна кваліфікаваць дзеянні ў інтэрнэце і дапаможа ўзмацніць барацьбу з такімі фактамі парушэнняў», — сказаў Нядвецкі.

Як адзначыла член Кансультатыўнага камітэта ад Казахстана Заўрэш Баймолдзіна, гэтая праблема актуальная не толькі для краін Мытнага саюза. Яна абмяркоўвалася сёлета ў Астане на шостым эканамічным форуме. Адна сесія была прысвечана барацьбе з парушэннямі аўтарскіх правоў у інтэрнэце. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацый, уключаючы САІУ, расійскія, цэнтральна-азіяцкія арганізацыі, прадстаўнікоў Кітая, ЗША, ЕС і Інтэрпола. «Мы гаварылі аб метадах і спосабах барацьбы з парушэннямі ў гэтай сферы. Канешне, прасачыць, хто з’яўляецца парушальнікам, даволі цяжка. Былі радыкальныя прапановы з боку Расіі. Але мы з аднаго боку павінны забяспечыць свабоду слова, а з другога — мы павінны забяспечыць абарону правоў інтэлектуальнай уласнасці. Гэта вельмі тонкая мяжа, таму адзінага ўніверсальнага метаду яшчэ няма», — адзначыла член камісіі. Паводле яе слоў, гэтая праблема будзе абмяркоўвацца і на наступным форуме ў Астане.

Паводле слоў члена Кансультатыўнага камітэта ад Расіі Наталлі Рамашовай, «РФ надае вялікую ўвагу ў гэтай сферы. У інтэрнэце не павінны дзейнічаць законы джунгляў, калі можна ўсё, заўсёды і ўсюды. Трэба выконваць законы. Калі ёсць інфармацыя, якая забаронена да распаўсюджвання ў Расіі, яна павінна быць забаронена і ў інтэрнэце. Калі ёсць правы аўтараў, то яны павінны выконвацца пры выкарыстанні твораў у інтэрнэце», — адзначыла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?