Валер Шчукін

Як раз дзесяць год таму на плошчы Бангалор у Мінску пад час мітынгу ў абарону свабоды прэсы адбыўся гістарычны Марш у паласатых робах. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі незалежных СМІ.

Апранутыя ў традыцыйную вопратку зняволенных, яны шпацыравалі з закладзенымі за галаву рукамі. Іх віталі каля 5 тысяч удзельнікаў мітынгу, сярод якіх былі яшчэ жывыя намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар і былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, выдатны рэдактар газеты «Свабода» Ігар Гермянчук. Многія з удзельнікаў таго мітынгу і перформансу, у тым ліку і паэт Славамір Адамовіч, які ў знак пратэсту супраць заціскання слова зашыў сабе рот, вымушаныя былі потым пакінуць краіну.

У тым Маршы ў паласатых робах з кратамі ў руках і з плакатам «Я нячэсны журналіст» прымаў удзел і вядомы праваабаронца Валерый Шчукін.

— Валерый Аляксеевіч, гэта была адна з найбольш памятных акцыяў пратэсту апошняга дзесяцігоддзя. Але яна ёсць ужо гісторыяй. Чым адрозніваюцца сённяшнія акцыі ад тых?

— Гэтая акцыя насамрэч засталася ў памяці, таму што мы, журналісты, выступілі ў абарону свайго таварыша, свайго калегі, якога арыштавалі і трымалі ў Гродна — размова пра Шарамета — менавіта за журналістскую дзейнасць. І гэта акцыя мела вялікае значэнне. У тым ліку, я мяркую, спрыяла таму, што Шарамет апынуўся на волі. Што тычыцца сённяшніх акцыяў… Тады і народу выходзіла болей і журналістаў… Сёння, шчыра кажучы, я сумняваюся, што столькі журналістаў выйдзе на акцыю. На жаль, гэта так.

— Час ідзе, ці змянілася хоць нешта для свабоды ў Беларусі ў лепшы бок?

— На жаль, я не магу сказаць, што, ў дачыненні свабоды ў Беларусі нешта змянілася ў лепшы бок. Я насамрэч гэтага ня бачу. Што ні год, то ўсё горш. Прычына, мусіць, як кажуць, ў нашай памяркоўнасці. Мы павінныя паўставаць, выходзіць, а мы сядзім…

— Шчукін з крыжом у Курапатах… Шчукін у паласатай робе… Шчукін пракладае сябе шлях скрозь кардон АМАПаўцаў… А зараз амаль кожны тыдзень можна бачыць Шчукіна, які змагаецца ў судах. І пераважна па чужых справах… Гэта свядомы адыход ад вулічнай барацьбы, якая не прынесла поспехаў?

— Не. Не таму, што Шчукін адышоў ад вулічнай барацьбы. Я быў і застаўся яе прынцыповым прыхільнікам. Але, на жаль, мне ўжо 65 гадоў, і мне ўжо ня хопіць фізычнай моцы. Пад час акцыі Клімава, калі АМАПаўцы пайшлі па мне, у мяне ўжо не хапіла моцы падняцца… Я не адмаўляюся і нават стараюся, але ў першых шэрагах ужо не хаджу. Лічу, што больш карысці я прынясу ў судах, дзе праводжу, абараняючы людзей, амаль увесь свой час.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0