У Беларусі ўводзіцца новы інструмент прафілактычнай працы — вынясенне грамадзяніну ахоўнага прадпісання. Адпаведнае палажэнне прадугледжана ў законапраекце «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», прынятым дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 28 чэрвеня.

Як паведаміў намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Лашын, ахоўнае прадпісанне будзе прымяняцца «ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі шэраг правапарушэнняў на глебе сямейных скандалаў». Такім асобам будуць забароненыя зносіны з ахвярай, у тым ліку па тэлефоне, а таксама наведванне ахвяры і высвятленне яе месцазнаходжання. Выносіцца ахоўнае прадпісанне будзе на тэрмін ад трох да трыццаці сутак.

Лашын паведаміў, што законапраект прадугледжвае меры агульнай прафілактыкі правапарушэнняў і меры індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў. У межах агульнай прафілактыкі дакументам прадугледжваецца парадак распрацоўкі комплексных праграм па прафілактыцы правапарушэнняў мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Гэтыя рэгіянальныя праграмы павінны забяспечваць правядзенне мерапрыемстваў, скіраваных на прадухіленне насілля ў сям’і.

Законапраект таксама дэталізуе працэдуру правядзення прафілактычнай гутаркі, прадугледжвае абавязковы рэгулярны ўдзел грамадзян, якія стаяць на прафілактычным уліку, у групавых прафілактычных мерапрыемствах.

Лашын адзначыў, што законапраект закліканы «прапагандаваць пазітыўныя жыццёвыя каштоўнасці, аказваць падтрымку асобам, якія апынуліся ў небяспечным сацыяльным становішчы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?