Пастар мінскай рэлігійнай абшчыны хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка пераведзены з аддзялення рэанімацыі.

«Пастар Вячаслаў пайшоў на папраўку, яго перавялі з рэанімацыі ў аддзяленне, дзе ён актыўна аднаўляецца і нават выходзіць на вуліцу для невялікіх прагулак», — паведамляе сайт царквы.

Некалькімі днямі раней паведамлялася, што ў Ганчарэнкі аднавіліся рухальныя функцыі і працягваюць аднаўляцца функцыі маўлення. У сувязі з паляпшэннем стану здароўя свайго пастара вернікі «Новага жыцця» пераводзяць «малітоўны марафон у іншы фармат».

«На працягу двух тыдняў, пачынаючы з 13 чэрвеня, царква „Новае жыццё“ была ў бесперапынных малітвах пра здароўе пастара Вячаслава Ганчарэнкі, які знаходзіўся ў бальніцы з дыягназам „інсульт“. Вернікі збіраліся разам па вечарах у будынку царквы, астатнім часам маліліся дома індывідуальна і ў дамашніх групах, не спыняўся малітоўны марафон і ноччу», — паведамляе царкоўны сайт. З 1 ліпеня малітвы вырашана праводзіць «па рэгіёнах, людзі будуць маліцца індывідуальна ці ў дамашніх групах, працягваючы хадайнічаць за пастара і царкву».

Нагадаем, Ганчарэнка быў шпіталізаваны 13 чэрвеня, яму дыягнаставалі ішэмічны інсульт.
Акрамя таго, быў выяўлены тромб у сасудзе галаўнога мозгу ў недаступным для аперацыі месцы. У крытычным стане пастар знаходзіўся прыблізна суткі, а затым з’явілася інфармацыя пра тое, што яго стан стабілізаваўся.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?